Прадстаўнікі ЗША, Канады, Новай Зэляндыі, Японіі і Аўстраліі на знак пратэсту супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну пакінулі сустрэчу міністраў гандлю на саміце APEC у Бангкоку падчас выступу міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі Максіма Рашэтнікава. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы. У МЗС Тайлянду пацьвердзілі гэту інфармацыю.
Прадстаўнікі пяці краінаў вярнуліся на сустрэчу пасьля таго, як Рашэтнікаў скончыў размаўляць. Пратэст быў «выказваньнем неўхваленьня незаконнай агрэсіўнай вайны Расеі ва Ўкраіне і яе эканамічных наступстваў у рэгіёне APEC», заявіў Reuters адзін з дыпляматаў.
Іншы дыплямат сказаў агенцтву, што пяць краін, якія зладзілі пратэст, хацелі «больш рашучых фармулёвак у адносінах да вайны Расеі» ў заключнай заяве групы, якая будзе апублікавана ў нядзелю 22 траўня.
APEC — эканамічны форум краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, на якім абмяркоўваецца супрацоўніцтва ў галіне рэгіянальнага гандлю, лібэралізацыі капіталаўкладаньняў. Ён быў утвораны ў лістападзе 1989 году.
У APEC уваходзяць Аўстралія, Брунэй, Віетнам, Ганконг, Інданэзія, Канада, Кітай, Малайзія, Мэксыка, Новая Зэляндыя, Папуа — Новая Гвінэя, Пэру, Сынгапур, ЗША, Тайлянд, Тайвань, Філіпіны, Чылі, Паўднёвая Карэя і Японія. Расея далучылася да структуры ў 1998 годзе.