Чыгуначны раённы суд Ульянаўска аштрафаваў адзінаццаціклясьніка на 15 тысяч расейскіх рублёў (каля 240 даляраў) за параўнаньне літар Z і V c сымболікай CC, паведамляе«Медиазона» са спасылкай на судовую пастанову.
Вучня сярэдняй школы № 10 прызналі вінаватым па справе аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі (ч. 1 арт. 20.3.3 КаАП РФ).
«Ну раней CC была, а зараз ZV», — напісаў школьнік пад пастом у Інстаграме навіновага ўльянаўскага выданьня life73.ru.
На паседжаньні 11 траўня школьнік прызнаў віну і сказаў, што ня ведае, навошта пакінуў такі камэнтар.
Суд указаў, што Мінабароны РФ тлумачыла значэньне сымбаляў Z і V на тэхніцы, якая ўдзельнічае ў расейскім уварваньні ва Ўкраіну. «Z азначае словы «За Перамогу» і «Задача будзе выканана», V азначае «Сіла ў праўдзе», — працытавалі ведамства ў пастанове. Пры гэтым суд заявіў, што сымбалі сталі «народнымі» і «наўпрост зьвязаныя з законнымі дзеяньнямі ўзброеных сіл» РФ ва Ўкраіне.
Пры гэтым у канцы красавіка Мінабароны на запыт дэпутата Масгардумы ад КПРФ Яўгена Ступіна адказала, што літары V і Z «не зьяўляюцца афіцыйнымі воінскімі сымбалямі (абазначэньнямі) і не нясуць спэцыяльнай нагрузкі», хоць яны й «пазнавальныя і станоўча прымаюцца» расейцамі і жыхарамі так званых сэпаратысцкіх «ДНР» і «ЛНР».