Пра гэта Прымакоў напісаў у тэлеграм-канале.
Паводле Прымакова, сымбалі Z і V, якімі пазначаюць расейскую вайсковую тэхніку, што ўдзельнічае ў вайне ва Ўкраіне, «сталі народнымі сымбалямі падтрымкі арміі» Расеі і «самога вызваленьня Ўкраіны ад відавочнага зла — тэрарыстаў і бандфармаваньняў рэжыму». «Падтрыманьне легітымнасьці рэжыму, які ўчыняе ваенныя злачынствы», ён назваў дзіўным і заявіў, што лічыць патрэбным «гаварыць гучна і ясна» аб неабходнасьці зьмены ўлады ва Ўкраіне.
Такім чынам Прымакоў адрэагаваў на словы сваёй намесьніцы, былога пракурора анэксаванага Расеяй Крыму і дэпутата Дзярждумы ад «Адзінай Расеі» Натальлі Паклонскай. Раней у эфіры ютуб-каналу «Живой гвоздь», які вядуць журналісты закрытай радыёстанцыі «Эхо Москвы», яна назвала літару Z сымбалем трагедыі і гора, бо падчас канфлікту гінуць салдаты і мірныя людзі з абодвух бакоў. «Гінуць і расейскія салдаты, расейцы, і бацькі атрымліваюць розныя весткі. Гэта бяда», — сказала яна.
Пазьней, адказваючы на заяву Прымакова, Паклонская зазначыла, што сапраўды лічыць, што любая форма гвалту нясе гора, сьмерць і разбурэньне. Яна ж заклікае «да дабра, спагады і магчымасьці думаць самастойна, не калектыўна», у той час як у грамадзтве «расьце нянавісьць і страх». «Небясьпечна сьлепа пакланяцца любым сымбалям — гісторыя гэтага ня любіць. На велікодных булках адлюстроўваюцца крыжыкі, а не ваенныя сымбалі. У дзіцячых садках робяць зарадку і вучаць вершы пра маму, мір і дабро, а не шыхтуюць дзяцей у ваенныя сымбалі», — напісала яна ў тэлеграм-канале.
Паклонская дадала, што «назваць усе гэтыя рэчы па-іншаму» яна ня можа і гатовая панесьці пакараньне, калі гэта парушае яе службовы рэглямэнт.
- Раней Паклонская, якая нарадзілася ў Луганскай вобласьці, назвала ўварваньне ва Ўкраіну «катастрофай». У інтэрвію Кацярыне Гардзеевай яна сказала: «Я грамадзянка Расеі, але ўкраінка. Радзіма, вядома, там».
- Лацінскія літары Z і V лічацца сымбалямі «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», якую з 24 лютага Расея праводзіць ва Ўкраіне на загад прэзыдэнта Пуціна.
- Выкарыстаньне літар Z і V у кантэксьце вайны забаранілі Вярхоўная Рада Ўкраіны, Літва, Малдова і некалькі рэгіёнаў у Нямеччыне.