Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра візы і абарону для беларусаў, групу сяброў Беларусі ў парлямэнце і дапамогу палітвязьням: вынікі візыту Ціханоўскай у Мадрыд


Сьвятлана Ціханоўская з прэм’ер-міністрам Гішпаніі Пэдра Санчэсам
Сьвятлана Ціханоўская з прэм’ер-міністрам Гішпаніі Пэдра Санчэсам

Сьвятлана Ціханоўская ехала ў Гішпанію заручыцца падтрымкай гэтай краіны ў міжнародных арганізацыях і Эўразьвязе, а таксама абмеркаваць дэталі праграмы рэабілітацыі для беларускіх дзяцей і сем’яў палітвязьняў, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

Падчас візыту яна сустрэлася зь першымі асобамі краіны: каралевай Летыцыяй, прэм’ер-міністрам Пэдра Санчэсам, міністрам замежных справаў Хасэ Мануэлем Альбарасам, кіраўнікамі ніжняй і верхняй палатаў парлямэнту, лідарамі асноўных палітычных партыяў, былым прэм’ерам Феліпа Гансалесам і беларускай дыяспарай. Акрамя таго, Ціханоўская выступіла ў Мадрыдзкім клюбе (арганізацыі былых кіраўнікоў дзяржаваў) і каралеўскім інстытуце El Cano.

З каралевай Летыцыяй
З каралевай Летыцыяй

Ціханоўская падзякавала Гішпаніі за падтрымку ў ЭЗ, Радзе Эўропы і АБСЭ, за візавую падтрымку беларусаў і папрасіла падзяляць беларусаў і рэжым. Вітаючы Ціханоўскую, прэм’ер Гішпаніі Санчэс сказаў: «Гішпанія і Беларусь як ніколі блізкія ў абароне каштоўнасьцяў і прынцыпаў».

З камітэтам па замежных справах Кангрэсу
З камітэтам па замежных справах Кангрэсу

Практычныя вынікі візыту:

  • Гішпанія працягне выдаваць візы беларусам у межах існых магчымасьцяў. На гэтым тыдні быў скарочаны штат амбасады ў Маскве, і гэта можа паўплываць на колькасьць выдадзеных візаў.
  • Беларусы з украінскімі ВНЖ ці ПМЖ атрымаюць такую самую абарону, як і ўкраінцы. Яны змогуць разьлічваць на ўсе тыя самыя выгады і легальны статус. Дзясяткі беларусаў ужо пераехалі ў Гішпанію, некаторыя зь іх былі на мясцовай сустрэчы беларусаў зь Ціханоўскай.
  • На бліжэйшай Радзе ЭЗ Гішпанія ўздыме пытаньне новага «расстрэльнага закона» ў Беларусі, а на пасяджэньні міністраў замежных справаў разгледзяць уключэньне дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў і Рады Рэспублікі ў санкцыйныя сьпісы.
  • Гішпанія ня будзе падтрымліваць зьняцьце санкцыяў з калійнага сэктару і «Беларуськалія», нягледзячы на перамовы па харчовай бясьпецы, якія зараз вядуцца ў межах ААН.
  • Дэпутаты Кангрэсу (ніжняя палата парлямэнту) пачалі стварэньне нефармальнай групы сяброў Беларусі. У групу маюць увайсьці прадстаўнікі асноўных парлямэнцкіх групаў.
З кіраўніком кангрэсу Мерычэль Батэ
З кіраўніком кангрэсу Мерычэль Батэ
  • Гішпанія зацікаўленая ў найбліжэйшыя месяцы прыняць групу дзяцей, рэпрэсаваных сем’яў ці былых палітвязьняў. Ідэю падтрымалі прэм’ер-міністар і каралева Гішпаніі. Зараз абмяркоўваюцца тэхнічныя магчымасьці для арганізацыі такой праграмы.
  • Ціханоўская перадала просьбы ад беларускай дыяспары па спрашчэньні міграцыйных правілаў для беларусаў. У прыватнасьці, каб Гішпанія не патрабавала апастыль і доказы немагчымасьці вяртаньня ў Беларусь пры атрыманьні дакумэнтаў, а таксама каб беларусам не блякавалі банкаўскія рахункі.
  • Міністар пагадзіўся выкарыстоўваць «Belarus» замест «Bielorussia» у афіцыйнай камунікацыі і адразу зрабіў твіт. Цяпер у Гішпаніі выкарыстоўваюцца абодва варыянты.
  • Былы прэм’ер-міністар Гішпаніі Філіпа Гансалес пагадзіўся пабыць пасярэднікам у арганізацыі сустрэчаў і перамоваў з краінамі Лацінскай Амэрыкі.

Ціханоўская таксама запрасіла Гішпанію далучыцца да міжнароднага дня салідарнасьці з Беларусьсю 29 траўня.

Акрамя таго, беларуская лідарка дала інтэрвію асноўным ТВ-каналам і газэтам Гішпаніі — El Mundo, El Pais, ABC і іншым.

Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы зь беларускай дыяспарай
Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы зь беларускай дыяспарай

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG