«З Пуціным абмяркоўвалі праблему ракетабудаваньня, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — Дапамогуць нам давесьці да розуму новыя ракеты, якія мы ствараем. Мы значна рушылі наперад, але з расіянамі мы хутчэй створым нармальную ракету — кампэтэнцый у іх больш».
Ён перакананы, што Беларусь самастойна можа стварыць снарад, але на гэта спатрэбіцца больш як год. Аднак «калі разумны чалавек прыйдзе і падкажа, што мы ня так робім, то да канца сёлетняга году атрымаем ужо ракету тыпу «Іскандэр». «Вельмі добрая зброя», — заявіў Лукашэнка.
На нарадзе па дзяржаўнай абароннай замове 10 траўня Лукашэнка сказаў, што прэзыдэнт РФ «паабяцаў дапамагчы з распрацоўкай беларускага аналяга ракетнага комплексу „Іскандэр“».
Ён заявіў, што 12 красавіка Пуцін «паставіў задачу» кіраўніку «Роскосмоса» Дзьмітрыю Рагозіну «неадкладна аказаць падтрымку, каб мы не стваралі ровар, каб мы маглі задзейнічаць досьвед распрацоўшчыкаў, ракетчыкаў Расейскай Фэдэрацыі, якія рабілі „Іскандэр“».
Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь купіла ў Расеі «Іскандэры» і С-400.
«Мы купілі ў вас патрэбную нам колькасьць гэтых „Іскандэраў“, С-400, узброілі наша войска. Цяпер гэта ўжо зусім іншае войска з такім узбраеньнем. Прынамсі, непрымальную шкоду гэтая зброя можа нанесьці калясальную», — цытуе Лукашэнку БелТА.
- Асноўнае прызначэньне апэратыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр» заключаецца ў зьнішчэньні сыстэм супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны праціўніка, а таксама аб’ектаў, што імі прыкрываюцца, на далёкасьці да 500 км.