«Праз закрыцьцё для выкарыстаньня цывільнай авіяцыяй часткі паветранай прасторы Расейскай Фэдэрацыі выкананьне рэйсаў авіякампаніі „Белавія“ Менск — Тэль-Авіў — Менск па раней заплянаваным маршруце немагчымае. Усе вышэйпаказаныя рэйсы, пачынаючы з 1 чэрвеня 2022 г. па 23 сакавіка 2023 г., адмяняюцца», — гаворыцца ў паведамленьні кампаніі.
Пры гэтым лятаць праз Украіну «Белавія» ня можа з прычыны вайны і рашэньня ўкраінскіх уладаў, а паветраная прастора Эўразьвязу для кампаніі закрытая яшчэ з 18 траўня 2021 году, калі адбыўся інцыдэнт з вымушанай пасадкай самалёта Ryanair у Менску.
Замест гэтага беларуская кампанія будзе выконваць рэйсы ў Тэль-Авіў па чацьвяргах і нядзелях. Рэйс прадугледжвае пасадку ў Баку для дазапраўкі. У палёце давядзецца праводзіць больш за 8 гадзін.
У чацьвер самалёт будзе вылятаць зь Менску ў 11:50, прыбыцьцё ў Тэль-Авіў чакаецца ў 20:30. Зваротны вылет з Тэль-Авіву будзе выконвацца ў 21:30, а ў Менску самалёт прызямліцца ў 6:15 пятніцы. Па нядзелях адлёт зь Менску пастаўлены на 13:20, прылёт у Тэль-Авіў — на 22:00. Зваротны вылет з ізраільскага гораду ў 23:00, прылёт у Менск у панядзелак у 7.45.
Праз абмежаваньні, зьвязаныя з выкананьнем новага маршруту, на ім ня будзе шэрагу паслуг:
- правозу дадатковага месца багажу;
- правозу цяжкавагавага багажу;
- правозу негабарытнага багажу;
- правозу спэцыяльнага/спартовага рыштунку;
- правозу жывёлаў у багажным адсеку;
- перавозкі музычных інструмэнтаў у багажным адсеку;
- перавозкі зброі.
Кампанія прапануе пасажырам вярнуць цану білетаў па старым маршруце або залічыць яго пры куплі білетаў на новы маршрут. Таксама захоўваецца магчымасьць выкарыстоўваць білеты ў выпадку аднаўленьня бесьперасадачных рэйсаў.
Па новых коштах білет на рэйс Менск — Тэль-Авіў на 16 чэрвеня каштуе 1175 рублёў (эканом-кляса) і 2102 рублі (бізнэс-кляса). Гэта 444 і 794 эўра адпаведна паводле бягучага курсу валют.