Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У эфіры расейскага ТБ ваенны аналітык заклікаў Пуціна выйсьці з вайны супраць Украіны


Праграма Вольгі Скабеевай на расейскай тэлевізіі
Праграма Вольгі Скабеевай на расейскай тэлевізіі

Ваенны аглядальнік, экс-начальнік групы 1-га накірунку 1-га ўпраўленьня Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштаба Ўзброеных сіл РФ, палкоўнік Міхаіл Хадаронак даў ацэнку вайне Расеі супраць Украіны і заклікаў прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна «выйсьці з канфлікту».

16 траўня Міхаіл Хадаронак у этэры галоўнага інфармацыйнага ток-шоў «60 минут» на дзяржаўным тэлеканале «Россия 1» заявіў, што вайна ідзе дрэнна і, пэўна, стане яшчэ горш, і што бразганьне ядзернай зброяй — зусім не пагроза, а папраўдзе «выглядае даволі пацешна».

Украіна, паводле яго, неўзабаве можа мабілізізаваць больш за мільён салдат, якіх, імаверна, забясьпечаць сучаснай зброяй. На думку Міхаіла Хадаронка, украінцы гатовыя змагацца і памерці, каб абараніць сваю Радзіму ад Расеі.

Вядоўца Вольга Скабеева неаднаразова перабівала Хадаронка, гаворачы пра тое, што ўкраінская армія будзе ў асноўным складацца з прызыўнікоў. Аднак Хадаронак заявіў, што тое, як набіраецца войска, ня мае вырашальнага значэньня — важнае жаданьне змагацца, а Ўкраіна «мае намер змагацца да апошняга чалавека».

Яшчэ перад 9 траўня, калі ў Расеі адзначаецца Дзень Перамогі, Хадаронак заяўляў аб тым, што ўсеагульная мабілізацыя, якую, як чакалася, мог абвясьціць Пуцін на парадзе, ня вырашыць тых вялікіх праблем, зь якімі сутыкнулася расейскае войска ва Ўкраіне.

Становішча Расеі на сусьветнай арэне не найлепшае, дадаў ён, адзначыўшы, што расейцы знаходзяцца ў поўнай геапалітычнай ізаляцыі, практычна ўвесь сьвет цяпер супраць Расеі. Таксама ён сказаў, што «чуткі пра маральна-псыхалягічны злом ва ўкраінскіх Узброеных сілах, якія нібыта знаходзяцца на мяжы нейкага маральнага крызісу, мякка кажучы, ілжывыя».

«У канчатковым выніку перамога на полі бою вызначаецца высокім маральным духам асабовага складу, які пралівае кроў за ідэі, за якія ён гатовы змагацца», — сказаў Хадаронак. І дадаў, што «рана ці позна рэальнасьць гісторыі ўдарыць па вас так моцна, што вы пашкадуеце аб гэтым».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG