Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечаканая радасьць: зьняволены журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч сустрэўся з жонкай, сынам і ўнукамі


Журналіст Алег Грузьдзіловіч зь сям'ёй. Архіўнае фота. Гэтым разам жонку, сына і ўнукаў Алег пабачыў праз шкло пакою для спатканьняў магілёўскай турмы
Журналіст Алег Грузьдзіловіч зь сям'ёй. Архіўнае фота. Гэтым разам жонку, сына і ўнукаў Алег пабачыў праз шкло пакою для спатканьняў магілёўскай турмы

Сюрпрыз для палітвязьня Алега Грузьдзіловіча, які знаходзіцца ў Магілёўскім сьледчым ізалятары і чакае этапу ў калёнію, удалося арганізаваць ягонай жонцы Мар’яне.

Асуджаны на 1,5 года калёніі журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч за кратамі з 23 сьнежня. 12 траўня яму дазволілі сустрэцца ў СІЗА Магілёва з жонкай Мар’янай, сынам і трыма ўнукамі.

Мар’яна Грузьдзіловіч расказала Свабодзе дэталі спатканьня.

«Ён ведаў, што пасьля апэляцыйнага суду будзе спатканьне, але, я так мяркую, думаў, што толькі са мной. Аднак я зрабіла такі сюрпрыз прыемны, што ён убачыў усіх нас», — кажа Мар’яна Грузьдзіловіч.

Сям’я Алега Грузьдзіловіча ў Магілёве, у чаканьні спатканьня зь ім у турэмным пакоі
Сям’я Алега Грузьдзіловіча ў Магілёве, у чаканьні спатканьня зь ім у турэмным пакоі

Сюрпрыз для палітвязьня

Паводле яе слоў, Алег быў вельмі рады і шчасьлівы, што нарэшце сустрэўся з унукамі і сынам.

«Дзеці падрыхтаваліся па маёй просьбе. Я сказала, каб яны прадумалі, што раскажуць дзядулі, напрыклад, пра малюнкі, школу... Калі мы чакалі Алега, унукі схаваліся — прыселі пад сталом, а сын крыху адвярнуўся. Я ж стала ў поўны рост. І вось сын кажа сваім дзецям: „Раз, два, тры...“ І яны па камандзе ўсе ўсталі. Алег быў прыемна зьдзіўлены, — расказвае Мар’яна Грузьдзіловіч. — Паколькі спатканьне было на 2 гадзіны, я да гэтага папярэдзіла жанчыну, якая прывяла нас у пакой для спатканьня, што першыя 45 хвілін з Алегам размаўляюць праз трубку па чарзе ўнукі і сын. А потым яны пойдуць гуляць, а я застануся з мужам сам-насам, бо мне трэба абмеркаваць сур’ёзныя пытаньні — скаргі, жыцьцё ў калёніі і г.д.»

Палітынфармацыя для сябе і сукамэрнікаў

Мар’яна кажа, што Алега вельмі цікавіла палітычная абстаноўка ў Беларусі і сьвеце, асабліва вайна Расеі супраць Украіны.

«Ён прынёс аркуш паперы, ручку і запісваў з маіх слоў „палітынфармацыю“, каб далажыць там. Сказаў: „Хлопцы мяне не зразумеюць, калі я прыйду бяз самых апошніх навінаў“, — узгадвае Мар’яна.

Наконт умоваў утрыманьня ў Магілёўскай турме Алег на спатканьні сказаў, што знаходзіцца ў той жа камэры, што і раней. Паведаміў, што атмасфэра добрая — за апошні час паболела аднадумцаў, а шмат каго зь ягоных сукамэрнікаў, хто шмат курыў, ужо этапавалі ў калёніі.

Малюнак Алега Грузьдзіловіча
Малюнак Алега Грузьдзіловіча

Цікавіўся Алег і справамі побыту. Дома ён за кветкамі даглядаў, і неяк у лісьце пацікавіўся ў жонкі: „Як там мае архідэі?“

«І вось днямі я падыходжу, адхінаю фіранкі. А яны расьцьвілі — бэзавыя, беленькія, жаўтаватыя кветкі. Так прыгожа! Я ўбралася, прычасалася, вусны падфарбавала, паставіла лямпы і зрабіла фатасэсію. Спачатку асобна іх сфоткала, потым сама ўстала. А за акном стаіць на пляцоўцы наша машынка, я нават не зьвярнула ўвагі, што і яна крыху выпадкова ў кадар трапіла».

Мар’яна Грузьдзіловіч з кветкамі
Мар’яна Грузьдзіловіч з кветкамі

Гэтыя фатаздымкі Мар’яна Грузьдзіловіч раздрукавала на аркушах А4 у колеры і пасьпела аднесьці ў СІЗА раніцай у перадачы перад спатканьнем.

«Калі ўжо мы сустрэліся, я пытаюся ў яго, ці ён атрымаў фота. І ён сказаў:Так, ты там такая прыгожая“. Я кажу: „Гэта ня я там прыгожая, а архідэі, нават супрацоўніцы СІЗА захапіліся“. І машыну ён, дарэчы, заўважыў, думаў, што я спэцыяльна так фатаграфавала».

Малюнкі за кратамі

Мар’яна кажа, што ў зьняволеньні Алег Грузьдзіловіч шмат малюе.

«З апошняга намаляваў нас з унукамі з фатаздымка, які я яму даслала. І нядаўна Алег напісаў, што хлопцы ў камэры ўбачылі ягоныя малюнкі і цяпер робяць замовы — каб Алег зрабіў партрэты, напрыклад, іх жонак з фатаздымкаў, якія яны атрымалі, — расказвае Мар’яна. — А Алегу вельмі патрэбныя гумкі, ён жа малюе алоўкамі. Плюс у іх у камэры ёсьць красворды, і калі няма чым заняцца, сукамэрнікі разгадваюць іх па чарзе — панапісваюць і сьціраюць. Я яму ўчора набыла 7 гумак, аднак перадаць іх не дазволілі. У СІЗА сказалі, што можна толькі ў выпадку, калі гумка будзе на канцы алоўка».

Малюнак Алега Грузьдзіловіча
Малюнак Алега Грузьдзіловіча

10 траўня менскі гарадзкі суд разгледзеў апэляцыю на прысуд Алегу Грузьдзіловічу. Вырак пакінулі бязь зьменаў. Раней Алегу прысудзілі 1,5 года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Цягам 5 працоўных дзён пасьля апэляцыі прысуд уступіць у сілу. Па словах Мар’яны Грузьдзіловіч, муж у бліжэйшым часе будзе падаваць скаргу на вырак на імя старшыні Менскага гарадзкога суду.

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, пазалетась пазбаўленага акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і зьмянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020-м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.

3 сакавіка палітвязьня Алега Грузьдзіловіча асудзілі на 1,5 года калёніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і гвалту. Таксама яму выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.

За кратамі цяпер таксама журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і фрылансэр Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа.

Алег Грузьдзіловіч

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, вучыўся ў Берасьці, скончыў Белдзяржунівэрсытэт, жыве ў Менску.

У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га — на Радыё Свабода.

У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».

У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.

На Радыё Свабода адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.

Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.

Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».

Жанаты, мае трох сыноў і ўнучку Еву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG