Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавая вайна Расеі і ЭЗ: Спыненыя пастаўкі па трубаправодзе «Ямал—Эўропа», які ідзе празь Беларусь


Міністар эканомікі Нямеччыны Роберт Хабэк
Міністар эканомікі Нямеччыны Роберт Хабэк

Кампаніям групы Gazprom Germania, якія трапілі пад расейскія санкцыі, цяпер трэба будзе заключаць новыя кантракты. Тым часам Польшча забараніла «Газпрому» пастаўкі газу па польскім участку трубы «Ямал — Эўропа». 

Нямецкія даччыныя прадпрыемствы былой «дачкі» кампаніі «Газпром» з 11 траўня перасталі атрымліваць газ з Расеі, паведаміў міністар эканомікі Нямеччыны Роберт Хабэк.

Адбылося гэта пасьля таго, як Расея ўвяла санкцыі ў дачыненьні да групы Gazprom Germania, якая знаходзіцца пад кіраваньнем нямецкіх уладаў.

«Газпром» перастаў валодаць Gazprom Germania ў канцы сакавіка, пасьля паведамленьняў у СМІ аб ператрусах, якія прайшлі ў кампаніі.

4 красавіка — на фоне санкцый, уведзеных пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну — урад Нямеччыны часова нацыяналізаваў кампанію: да 30 верасьня былая «дачка» «Газпрома» будзе знаходзіцца пад кіраваньнем Фэдэральнага сеткавага агенцтва Нямеччыны.

11 траўня ўрад Расеі «для мер у адказ» апублікаваў сьпіс з 31 замежнай кампаніі, у дачыненьні да якіх уводзяцца блякавальныя санкцыі. 30 зь іх належаць да Gazprom Germania.

З гэтымі кампаніямі забаронена зьдзяйсьняць любыя зьдзелкі, у тым ліку плацяжы і апэрацыі з каштоўнымі паперамі. Таксама ўводзіцца забарона на экспарт ім ці для іх сыравіны і прадукцыі, вырабленай у Расеі.

Таксама блякавальныя санкцыі накладзеныя на кампанію EuRoPol GAZ S.A. — уладальніка польскага ўчастка газаправоду «Ямал — Эўропа». У канцы красавіка Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненьні да «Газпрома». Абмежаваньні маюць на ўвазе замарозку правоў на акцыі і іншыя каштоўныя паперы, а таксама прыпыненьне выплаты дывідэндаў. Пасьля гэтага «Газпром» спыніў пастаўкі газу ў Польшчу.

У сваю чаргу, стала вядома, што Польшча забараніла «Газпрому» пастаўкі газу па польскім участку трубы «Ямал — Эўропа». Гэты трубаправод — адзін з трох асноўных маршрутаў транспартаваньня расейскага газу ў Эўропу. Ён праходзіць празь Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG