65-гадовая пэнсіянэрка з Пружанаў Алена Гнаўк ужо дзесяць дзён трымае галадоўку за кратамі, паведамляе «Белсат».
Яна патрабуе, каб лісты, якія яна напісала, даходзілі адрасатам. У Алены Гнаўк узьнікаюць праблемы са здароўем.
На Алену Гнаўк завялі ўжо чатыры крымінальныя справы. У траўні 2021 году асудзілі на два гады «хатняй хіміі» ў межах берасьцейскай «карагоднай справы».
У верасьні яна атрымала новы тэрмін — яшчэ два гады «хіміі». Паводле абвінавачаньня, Алена Гнаўк падчас разгляду сваёй ранейшай крымінальнай справы за ўдзел у «карагодзе пратэсту» вымавіла фразу, дзе была абраза на адрас Лукашэнкі. Сумарнае пакараньне — тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
26 сьнежня Гнаўк затрымалі за «бел-чырвона-белы пікет» каля яе дому і прысудзілі 1450 рублёў штрафу паводле арт. 24.23 КаАП. 11 студзеня 2022 году Алену Гнаўк зноў затрымалі за акцыю зь бел-чырвона-белымі мяхамі на «хатняй хіміі» і прысудзілі 15 дзён арышту. Пэнсіянэрцы забаранілі перадаваць перадачы, чытаць і пісаць, і яна абвясьціла галадоўку ў Пружанскім ІЧУ.
З ізалятара яе ня выпусьцілі. Стала вядома, што выставілі абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). Цяпер Алене Гнаўк пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.