У судзе Маскоўскага раёну Менску бок дзяржаўнага абвінавачаньня запатрабаваў для Віктара Фянчука пакараньне ў 2,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Па словах пракурора, «такія паводзіны чалавека, які прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне, проста недапушчальныя», піша «Вясна».
Да матэрыялаў справы далучаныя фатаздымкі з маршаў. Таксама вядома, што ў Віктара канфіскавалі кубак з надпісам «для чаю з малінавым варэньнем».
Пракурор таксама просіць спагнаць зь Фенчука 196 тысяч рублёў на карысьць «Менсктрансу».
Віктар Фянчук — прафэсійны арнітоляг, каардынатар праграм Франкфурцкага заалягічнага таварыства. У 2007–2014 гадах узначальваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны», пасьля быў яе супрацоўнікам. Фянчук кіраваў буйнамаштабнымі праектамі ў вывучэньні, захаваньні і аднаўленьні прыродных экасыстэм.
Віктара затрымалі пасьля ператрусу ў менскім офісе арганізацыі 31 жніўня 2021 году. Адразу яго пакаралі «суткамі» ў адміністрацыйнай справе, а потым выставілі абвінавачаньне паводле арт. 342 КК.
19 сакавіка 2022 году Вярхоўны суд зьліквідаваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны» за «экстрэмісцкую дзейнасьць».