Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 100 тысяч чалавек паведамілі плятформе «Голас», што падчас рэфэрэндуму аб зьмене Канстытуцыі зрабілі несапраўднымі бюлетэні


Алена Жываглод, лідэрка ініцыятывы «Честные люди»
Алена Жываглод, лідэрка ініцыятывы «Честные люди»

У онлайн-галасаваньні на плятформе «Голас» узялі ўдзел звыш 200 тысяч карыстальнікаў зь Беларусі. Пра гэта ў інтэрвію BPN паведаміла лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод. 55% зь іх зрабілі несапраўдным свой бюлетэнь.

Падчас рэфэрэндуму аб унясеньні зьмяненаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю ў онлайн-галасаваньні на плятформе «Голас» прынялі ўдзел 200 788 карыстальнікаў зь Беларусі. Паводле інфармацыі «Голасу», 110 869 (55,22% ад тых, хто прагаласаваў на плятформе) карыстальнікаў паведамілі аб тым, што пры галасаваньні на выбарчым участку зрабілі свой бюлетэнь несапраўдным, 71 295 (35,5%) — аб тым, што не прыйшлі на рэфэрэндум.

4 309 карыстальнікаў (2,15%) прагаласавалі за прыняцьце прапанаваных уладамі зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю, 14 315 (7,13%) — супраць.

Як адзначыла Жываглод, многія прызнавалі, што баяліся ўдзельнічаць у кампаніі актыўнага байкоту рэфэрэндуму, якая была арганізавана дэмакратычнымі сіламі. Падчас яе прапаноўвалася паставіць два крыжыкі ў бюлетэні, зрабіўшы яго несапраўдным.

«Тым ня менш 21 174 карыстальнікі (16%) з тых, хто прагаласаваў на плятформе, змаглі даслаць фота бюлетэняў. Гэта значна адрозьніваецца ад сытуацыі 2020 году, калі падчас прэзыдэнцкіх выбараў здымкі бюлетэняў даслалі больш за 50% удзельнікаў онлайн-галасаваньня», — адзначыла лідэр ініцыятывы.

Рэфэрэндум прайшоў 27 лютага. Сярод асноўных паправак — легалізацыя «Ўсебеларускага народнага сходу», вяртаньне нормы аб абмежаваньні знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта аднаго чалавека (ня больш за два тэрміны), увядзеньне недатыкальнасьці для былога прэзыдэнта, манаполіі дзяржаўнай ідэалёгіі, адмена пункту аб нэўтральным і бязьядзерным статусе краіны.

Паводле інфармацыі Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, папраўкі нібыта ўхваліла 65,16% грамадзян, якія маюць права голасу. Супраць выказалася 10,07% выбарнікаў. Яўка склала 78,63%.

Афіцыйныя вынікі галасаваньня пры гэтым не прызналі краіны Захаду. Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што рэфэрэндум прайшоў на фоне паўсюдных парушэньняў правоў чалавека і жорсткіх рэпрэсій супраць усіх слаёў беларускага грамадзтва.

Папраўкі ў Канстытуцыю набылі моц з 15 сакавіка.

Ініцыятыва «Честные люди» і онлайн-плятформа «Голас» (прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»), якія прадстаўляюць грамадзянскі кантроль за ходам галасаваньня, пачалі працу напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Тады дадзеныя аб галасаваньні, у тым ліку фота бюлетэняў, праз плятформу адправіў больш за 1 млн выбарнікаў. Паводле справаздачы «Голасу», першае месца заняла Сьвятлана Ціханоўская (ня менш за 56%), якая, паводле вэрсіі ЦВК, набрала на выбарах 9 жніўня толькі каля 10% галасоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG