Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Рэспублікі дазволіў унутраным войскам ужываць баявую зброю на пратэстах


Унутраныя войскі падчас разгону пратэстаў, Менск, 2020 г.
Унутраныя войскі падчас разгону пратэстаў, Менск, 2020 г.

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі (верхняя палата) падтрымаў папраўкі да заканадаўства, якія дадуць магчымасьць унутраным войскам прымяняць на пратэстах баявую і спэцыяльную тэхніку. Раней гэты законапраект ухваліла Палата прадстаўнікоў.

Пра гэта паведамляецца на сайце БелТА.

«Сэнатары» ўхвалілі законапраект «Аб зьменах законаў у пытаньнях дзейнасьці ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў», які карэктуе два законы — «Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» і «Аб барацьбе з тэрарызмам».

Унутраныя войскі змогуць прымяняць баявую і спэцыяльную тэхніку для спыненьня масавых беспарадкаў і групавых парушэньняў грамадзкага парадку альбо дзеяньняў, накіраваных на разбурэньне або зьнішчэньне маёмасьці ўсіх формаў уласнасьці.

Таксама вайскоўцы ўнутраных войскаў атрымаюць права на захоўваньне і нашэньне зброі.

«Прыняцьце гэтага законапраекту дасьць магчымасьць значна павысіць эфэктыўнасьць выкананьня ўнутранымі войскамі ўскладзеных на іх задач па абароне жыцьця, здароўя, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, грамадзтва і дзяржавы, канстытуцыйнага ладу, бясьпекі і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў», — заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Сяргей Рачкоў.

Асноўнымі задачамі ўнутраных войскаў прызнаюцца ўдзел у ахове грамадзкага парадку, забесьпячэньні грамадзкай бясьпекі, бясьпекі асобаў і абʼектаў пад аховай, рэжыму надзвычайнага становішча, ваеннага становішча, прававога рэжыму ў зоне правядзеньня контратэрарыстычнай апэрацыі, мерапрыемствах па ўзмацненьні дзяржаўнай мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG