Упершыню Вадалажская была затрыманая пасьля ператрусу 4 жніўня 2021 году і атрымала 10-сутачны арышт. Яе адпусьцілі 14 жніўня ў статусе падазронай па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Вадалажскую некалькі разоў выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт. У сакавіку яна зьвярнулася ў СК па дазвол паехаць у Літву на лячэньне, 23 сакавіка накіравалася ў СК за адказам, але ёй прад’явілі пастанову аб узяцьці пад варту.
48-гадовая Вадалажская — праграмны каардынатар ініцыятывы «Лятучы ўнівэрсытэт», якую прасоўваў філёзаф і мэтадоляг, палітвязень Уладзімір Мацкевіч. Таксама яна член міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «ЭўраБеларусь» (рэгістрацыя ў Літве). Летась у жніўні ў актывістаў гэтага аб’яднаньня прайшлі ператрусы. Таксама Вадалажская супрацоўнічала з Агенцтвам гуманітарных тэхналёгій і Цэнтрам эўрапейскай трансфармацыі.
Палітзьняволеную ўтрымліваюць у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага ў Менску.