Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар здароўя Беларусі назваў умову аднаўленьня працы мэдычных цэнтраў «ЛОДЭ» і «Клініка А1»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прыватны мэдцэнтар «ЛОДЭ», які ўлады пазбавілі ліцэнзіі, паводле міністра здароўя Дзьмітрыя Піневіча, дапусьціў сур’ёзныя парушэньні.

Яны тычыліся, у прыватнасьці, невыкананьня пратаколаў падчас аказаньня неадкладнай мэддапамогі.

Піневіч адзначыў, што парушэньні зьвязаныя таксама з работай на абсталяваньні, якое не зарэгістравана або якое не прайшло неабходных рэглямэнтных работ. Таксама ён сказаў, што выяўлены парушэньні санэпідрэжыму, якія могуць пацягнуць сурʼёзныя ўскладненьні або пагрозу жыцьцю.

«Пласт парушэньняў быў выяўлены, мы яго прааналізавалі і прынялі рашэньне аб прыпыненьні дзеяньня ліцэнзіі гэтай кампаніі», — цытуе Піневіча БелТА.

Ён падкрэсьліў: калі кампанія жадае працягваць працаваць, яна павінна зьвярнуцца з інфармацыяй аб ліквідацыі парушэньняў.

Піневіч таксама дадаў, што «гэты факт не экстраардынарны».

«Усе павінны разумець: калі ты аказваеш мэдыцынскую дапамогу, то павінен аказваць яе якасна, згодна са стандартамі бясьпекі», — адзначыў Дзьмітры Піневіч.

Пятага траўня стала вядома, што беларускае Міністэрства аховы здароўя прыпыніла ліцэнзіі на дзейнасьць мэдцэнтраў «ЛОДЭ» і «Клініка А1» з 16 траўня. У гэтых цэнтрах, паводле ведамства, нібыта знайшлі парушэньні, якія могуць прычыніць «шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам, жыцьцю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзян».

«ЛОДЭ»

«ЛОДЭ» — адзін з найбуйнейшых прыватных мэдыцынскіх цэнтраў Беларусі. Яго стварыў у 1992 годзе лекар, кандыдат мэдыцынскіх навук Уладзімер Гарбачоў. Да таго, як пайсьці ў прыватны бізнэс, ён працаваў намесьнікам дырэктара па мэдычнай частцы санаторыя «Азёрны».

Назва мэдцэнтру паходзіць ад прозьвішча бабулі заснавальніка. Каля 8 гадоў мэдыцынскі цэнтар разьвіваўся ў Менску, а пасьля пайшоў у рэгіёны. На цяперашні час «ЛОДЭ» мае 6 цэнтраў у Менску, 2 у Бэрасьці і 2 у Гародні.

Таксама «ЛОДЭ» мае свой пансіянат на беразе Лепельскага возера, які зьявіўся ў 2004 годзе.

«Клініка А1»

Гэта невялікая клініка ў Менску, якая займаецца аказаньнем мэдыцынскіх паслуг у сфэры дэрматалёгіі, касмэталёгіі і хірургіі. Зарэгістраваная клініка ў рэгістры юрыдычных асобаў у траўні 2019 году.

Навіна пра адкрыцьцё клінікі зьявілася на іх сайце ў ліпені 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG