Аляксандра Гушча, вядомая беларуская ўдзельніца жаночых маршаў і маршаў людзей з інваліднасьцю ў 2020 годзе, запусьціла калектыўны дабрачынны арт-праект у падтрымку Ўкраіны пад назвай #ArtOborona.
Сутнасьць праекту простая: усім, хто ахвяруе любую суму на дапамогу Ўкраіне, удзельнікі праекту дашлюць прыгожыя паштоўкі, створаныя Аляксандрай Гушчай і іншымі ўдзельніцамі праекту — мастачкамі Лізаветай Ганчаровай, Ганнай Сусьлінай, мастачкай пад псэўданімам Kot de Prince★Murasaki Sin і іншымі, якія пажадалі застацца ананімнымі.
- Можна самім выбраць арганізацыю, якой вы хочаце ахвяраваць грошы, ці спытаць каманду праекту — вам прышлюць спасылак на выбар.
- Ахвяраваньне павінна быць новае, пажадана зробленае ў дзень звароту.
- Вам адправяць выпадковым чынам выбраную паштоўку ў канвэрце, а калі ахвяруеце суму ў 10 даляраў і большую — можна выбраць, якую паштоўку вы хочаце атрымаць.