Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін папрасіў прабачэньня ў прэм’ера Ізраілю за словы Лаўрова аб Галакосьце


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у тэлефоннай размове з прэм’ер-міністрам Ізраіля Нафталі Бэнэтам папрасіў прабачэньня за словы міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова аб габрэях і антысэмітызьме.

Пра гэта паведамляе канцылярыя Бэнэта.

«Прэм’ер-міністар прыняў прабачэньні прэзыдэнта Пуціна за словы Лаўрова і падзякаваў яму за растлумачэньне стаўленьня прэзыдэнта да габрэйскага народу і памяці аб Галакосьце», — гаворыцца ў паведамленьні па выніках перамоваў.

На сайце Крамля аб прабачэньні з боку расейскага прэзыдэнта інфармацыі няма. Там гаворыцца, што Пуцін павіншаваў Бэнэта з Днём незалежнасьці Ізраілю і абмеркаваў зь ім вайну ва Ўкраіне, у прыватнасьці — эвакуацыю людзей з марыюпальскага заводу «Азоўсталь».

Крэмль таксама паведамляе, што лідэры дзьвюх краін абмеркавалі дзень перамогі — 9 траўня. Прэзыдэнт Расіі «нагадаў, што з шасьці мільёнаў габрэяў, закатаваных у гета і канцлягерах, забітых нацыстамі падчас карных апэрацый, 40 працэнтаў былі грамадзянамі СССР, і прасіў перадаць вэтэранам, якія пражываюць у Ізраілі, пажаданьні здароўя і дабрабыту».

  • 1 траўня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў параўнаў прэзыдэнта Украіны Ўладзіміра Зяленскага з фюрэрам нацысцкай Германіі Адольфам Гітлерам. Ён выказаў меркаваньне, што ў Гітлера, пад кіраўніцтвам якога былі зьнішчаныя 6 мільёнаў габрэяў, была «габрэйская кроў». «Мудры габрэйскі народ кажа, што самыя заўзятыя антысэміты, як правіла, габрэі», — заявіў Лаўроў. Словы расейскага міністра выклікалі абурэньне кіраўніцтва Ізраілю. Улады краіны абвінавацілі Лаўрова ў хлусьні і расізьме і выклікалі расейскага пасла Анатоля Віктарава да тлумачэньняў.
  • 3 траўня МЗС Расеі апублікавала артыкул «Аб антысэмітызьме», абвінаваціўшы Ізраіль у падтрымцы «нэанацысцкага рэжыму ў Кіеве». На наступны дзень афіцыйны прадстаўнік ведамства Марыя Захарава заявіла, што ізраільскія найміты ваююць ва Ўкраіне «плячом да пляча з баевікамі «Азова».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG