Дзяржаўная ўзнагарода ўручаная Лапіну-малодшаму «за мужнасьць і адвагу» падчас вайны з Украінай на фоне няўдалага наступленьня расейскай арміі на Сумы і Чарнігаў. Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні расейскай службы ВВС.
Журналісты нагадваюць, што 20 сакавіка на расейскім тэлеканале «Звезда» выйшаў тэлесюжэт пра тое, як генэрал Лапін на перадавой уручыў узнагароды вайскоўцам за гераізм «пры вызваленьні населеных пунктаў у Чарнігаўскай вобласьці».
Пра тое, што ў відэазапісе паказаны старэйшы і малодшы Лапіны, ВВС паведамілі сваякі саслужыўцаў Дзяніса Лапіна. Журналісты таксама зьвяртаюць увагу на зьнешняе падабенства генэрала з падначаленым.
Генэрал уручыў салдатам ордэны Мужнасьці і «За заслугі перад Айчынай», а таксама мэдалі «За адвагу» і Жукава. Якую менавіта ўзнагароду атрымаў сын Лапіна, незразумела. У тэлесюжэце відаць, што калодка мэдаля мае расфарбоўку мэдаля Жукава, але, паводле зьвестак Службы бясьпекі Украіны (СБУ), якая нібыта перахапіла перамовы расейскіх вайскоўцаў, генэрал уручыў Лапіну-малодшаму ордэн Мужнасьці.
Падпалкоўніку Дзянісу Лапіну 36 год. Ён камандаваў наступам на Сумы і Чарнігаў. У дзень выхаду тэлесюжэту аб узнагароджаньні Расея заявіла, што скароціць сваю актыўнасьць у Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях. Неўзабаве пасьля гэтага і пасьля перамоваў украінскай і расейскай дэлегацый у Стамбуле Масква адвяла войскі з гэтых рэгіёнаў Украіны.