Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон дзьве гадзіны размаўляў па тэлефоне з Пуціным, заклікаў спыніць вайну


Макрон і Пуцін, сьнежань 2019 году, Парыж
Макрон і Пуцін, сьнежань 2019 году, Парыж

Прэзыдэнты Францыі і Расеі напярэдадні, 3 траўня, пагутарылі па тэлефоне. Гэта была першая тэлефонная размова Эманюэля Макрона з Уладзімірам Пуціным з канца сакавіка. Паводле паведамленьня Елісейскага палацу, размова доўжылася больш за дзьве гадзіны.

Макрон, як паведамляецца на яго афіцыйным сайце, зьвярнуўся да Пуціна з заклікам забясьпечыць далейшую эвакуацыю людзей з заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі. Пры гэтым Макрон у цэлым зноў запатрабаваў спыніць агонь ва Ўкраіне і выказаў глыбокую занепакоенасьць у сувязі з сытуацыяй у Марыюпалі і ва ўсім Данбасе.

У прыватнасьці, паводле слоў францускага прэзыдэнта, Масква павінна дазволіць мірным жыхарам самім выбіраць, куды іх эвакуююць: у Расею і на кантраляваныя ёй тэрыторыі, або на тэрыторыі, падкантрольныя ўкраінскім уладам.

Макрон заклікаў Расею падняцца да ўзроўню яе адказнасьці як сталага чальца Рады Бясьпекі ААН і спыніць гэтую разбуральную агрэсію, гаворыцца ў заяве Елісейскага палаца.

Таксама Макрон падкрэсьліў, што гатовы і далей весьці перамовы ў Пуціным, каб дабіцца міру пры поўным датрыманьні сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Прэзыдэнт Францыі таксама заявіў, што гатовы разам з міжнароднымі арганізацыямі дабівацца зьняцьця блякады ўкраінскіх марскіх партоў, каб забясьпечыць экспарт сельскагаспадарчых тавараў з Украіны. У Крамлі пацьвердзілі, што гэтая тэма абмяркоўвалася.

Як гаворыцца на сайце Крамля, Пуцін павіншаваў Макрона з пераабраньнем на пасаду прэзыдэнта (Макрон перамог у другім туры выбараў 24 красавіка). Як сказана ў паведамленьні Крамля, Пуцін праінфармаваў Макрона аб «вызваленьні» Марыюпалю. Таксама з паведамленьня вынікае, што Пуцін заклікаў Захад спыніць пастаўкі Ўкраіне ўзбраеньняў.

Пуцін таксама сказаў, што Расея адкрыта да «дыялёгу» з Украінай, але абвінаваціў Кіеў у «негатоўнасьці да сур’ёзнай працы».

Перамовы прайшлі на фоне паведамленьняў пра адступленьне расейскіх войскаў на тэрыторыі завода «Азоўсталь» у Марыюпалі і напярэдадні сьвята 9 траўня, калі, паводле паведамленьняў CNN і шэрагу іншых заходніх СМІ, якія спасылаюцца на паведамленьні выведкі, Пуцін можа аб’явіць аб інтэнсыфікацыі баявых дзеяньняў супраць Украіны, аж да аб’явы мабілізацыі.

Макрон — адзін зь нямногіх заходніх лідэраў, хто падтрымлівае кантакт з Пуціным пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага. З канца сакавіка яны, аднак, не размаўлялі па тэлефоне. Прэзыдэнт Францыі заяўляў, што такія размовы даюцца яму цяжка, паколькі словам Пуціна давяраць цяжка, акрамя таго, падзеі ў Бучы і іншых гарадах Украіны, дзе была зафіксаваная масавая гібель мірных жыхароў, паставілі магчымасьць дыялёгу пад яшчэ большы сумнеў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG