Статус большасьці затрыманых па-ранейшаму застаецца невядомым, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
На гэты час ні пра статус большасьці затрыманых прафсаюзных лідараў і актывістаў, ні пра сутнасьць выстаўленых ім абвінавачаньняў амаль нічога невядома.
Па зьвестках праваабаронцаў, старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч пераведзеныя зь СІЗА КДБ у СІЗА на Валадарскага.
Кіраўнік суполкі свабоднага прафсаюзу з Полацку Мікалай Шарах выйшаў зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Яго падазраюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Дагэтуль застаецца за кратамі 66-гадовы намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Еўдакімчык. Яго таксама затрымалі 19 красавіка, цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Пасьля 72 гадзін яго не вызвалілі. Вядома, што Еўдакімчык падазраецца паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
Між тым затрыманьні прафсаюзных актывістаў працягваюцца. Так, раніцай 29 красавіка ў Горадні затрымалі старшыню нізавой арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу ААТ «Гродна Азот» Андрэя Ханевіча.
Ігар Леднік, затрыманы на дзень раней, 18 красавіка, атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту і на гэты момант знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна. Таксама стала вядома, што на яго заведзена крымінальная справа паводле арт. 367 Крымінальнага кодэксу за «паклёп на Лукашэнку». Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Таксама ўзмацняецца ціск на нізавыя прафсаюзныя арганізацыі ў рэгіёнах. Дзейнасьць некаторых зь іх прыпыненая. Так, дзейнасьць нізавой арганізацыі Незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот» прыпыніла абласная пракуратура.
Адначасова ў Горадзенскі абласны суд накіравалі заяву аб прызнаньні «экстрэмісцкай арганізацыяй», забароне дзейнасьці і ліквідацыі Незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот».
Вядома таксама, што 25 красавіка рашэньнем Мазырскага гарвыканкаму спынілі дзейнасьць Незалежнага прафсаюзу Мазырскага НПЗ. Да гэтага на сяброў прафсаюзу чынілі, гучалі пагрозы непадпісаньня кантрактаў. Многіх затрымлівалі, саджалі на 15 сутак, а потым звальнялі за «прагулы».
Пасьля допытаў пад падпіску аб нявыезьдзе вызвалілі з-пад варты Ігара Комліка, Ганну Дусь, Вадзіма Пайвіна, Юрыя Белякова, Мікалая Герасіменку, Алену Яськову, Лізавету Мярляк. Іхны статус пакуль невядомы.
Адсутнічае інфармацыя пра шэраг затрыманых актывістаў. Сярод іх:
- Генадзь Фядыніч;
- Вацлаў Арэшка;
- Васіль Берасьнеў;
- Віталь Чычмароў;
- Ірына Бут-Гусаім;
- Міраслаў Сабчук;
- Ігар Леднік;
- Зьміцер Бародка;
- Яна Малаш.