«Да нас прыйшлі зь ператрусам каля 13 гадзінаў дня ў аўторак. Аляксандра Ільіча дома не было, мы з сынам толькі былі. Пазваніць яму не далі — у нас тэлефоны адразу забралі. Сказалі: усе званкі пасьля таго, як усё завершыцца, — распавяла «Народнай волі» жонка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука Надзея. — Каля 5 гадзін вечара мы сталі яго набіраць, але муж быў недасяжны».
З словаў Надзеі, ператрус у іх дома і ў офісе Аляксандра, куды ён, як звычайна, адправіўся раніцай, праходзіў прыкладна адначасова.
«Я стала званіць супрацоўнікам, яго намесьніку, але ў іх ува ўсіх тэлефоны выключаныя, іх таксама затрымалі», — узгадвае жанчына.
Яна расказала, што падчас ператрусу ў іх дома забралі пляншэт мужа і ноўтбук сына.
«А ноўтбук Аляксандра Ільіча быў пры ім, напэўна, яго таксама забралі. Паперы яго пераглядалі, усе тумбачкі і шафкі праверылі. Праўда, усё акуратна рабілі: нічога не ламалі, не рэзалі, не раскідвалі. Было крыху грошай, і іх усе забралі. Я яшчэ спытала: а што, у хаце хіба ўвогуле ні капейкі грошай не павінна быць?»
Жанчына расказала, што супрацоўнікі паказалі пастанову на ператрус, у якой быў таксама ўказаны сьпіс артыкулаў КК РБ, аднак запомніць іх яна не змагла.
«Ніколі не забудуся і ніколі не дарую!»
Натальля, жонка прафсаюзнага кіраўніка Аляксандра Бухвостава, таксама больш за содні нічога ня ведала пра месца знаходжаньня мужа.
«Мне нават не пазванілі і не сказалі, дзе ён знаходзіцца, — расказала ў сераду раніцай Натальля Бухвостава. — Прайшла інфармацыя, што Сяргей Антусевіч знаходзіцца ў „амэрыканцы“. Мусіць, і мой муж там».
Натальля Бухвостава мяркуе, што Аляксандра арыштавалі проста на працы. Ператрус у іх з мужам кватэры ішоў больш за дзьве гадзіны.
«Забралі тэлефон, хатні кампутар і сканэр. Перад уваходам спрабавалі прасіць прабачэньня, маўляў, прабачце за турботу, але я ім адказала: „Ніколі не забудуся і ніколі не дарую!“ Я так раззлавалася!»
З словаў Натальлі, яе мужу выставілі абвінавачаньне паводле артыкула 342 КК — арганізацыя і рыхтаваньне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх.
Раней ператрус у офісе Аляксандра Бухвостава ўжо быў, праводзілі яго супрацоўнікі міліцыі. Аляксандра Ярашука ў сваю чаргу два месяцы таму запрашалі на размову ў КДБ.