Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да вайны толькі Пазьняк гаварыў, што Масква рэгулярна вар’яцее. Зараз усе беларусы пабачылі, што на Расею спадзявацца нельга», — Гаруноў


Максім Гаруноў. Архіўнае фота.
Максім Гаруноў. Архіўнае фота.

Расейскі філёзаф Максім Гаруноў, суаўтар кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя», заяўляе, што расейцы — не сапраўдныя грамадзяне, бо адмовіліся ад правоў на сваю краіну, называе Расею тундрай (у станоўчым сэнсе) і параўноўвае адмову расейцаў ад сваіх правоў з адмовай беларусаў ад беларускай мовы.

Сьцісла:

  • Расеец, нягледзячы на тое, што ён мае пашпарт і Канстытуцыю, — па сутнасьці ён не грамадзянін, ён падданы.
  • Расея зьнешне выглядае як эўрапейская краіна, але палітычныя навыкі расейцаў засталіся як у падданых саудаўскіх прынцаў.
  • Расейцы нібыта добраахвотна адмаўляюцца ад сваіх правоў на сваю краіну.
  • Цяжка тлумачыць вайну, вар’яцтва — для іх гэта нейкая звышмэта.
  • Я думаю, калі б кіраўніцтва Расеі мянялася дэмакратычным шляхам — то ніводзін палітычны лідэр на такую вайну не наважыўся б.
  • Расея — гэта не ляднік, гэта не застылая прастора, гэта тундра, дзе нешта расьце.


— Адно з асноўных пытаньняў, пра якія зараз спрачаюцца і ў Расеі, і на Захадзе, — «гэта вайна Пуціна ці вайна Расеі?» У тым сэнсе, наколькі гэта вайна падтрымліваецца расейскім грамадзтвам і наколькі яно, адпаведна, нясе адказнасьць за гэтую агрэсію?

— Я ня думаю, што гэтую вайну можна назваць вайной расейскага народу — з той простай прычыны, што Расея — недэмакратычная краіна. Калі людзі не ўплываюць на зьмену ўлады, калі ў іх няма свабоды слова, сходаў — то ў іх няма кантролю за сваёй краінай. Яны не кантралююць унутраную палітыку, замежную палітыку — і, у прыватнасьці, не кантралююць, куды рухаецца іхнае войска.

У сярэднявеччы гэтая сытуацыя была больш зразумелая. Войны пачыналі ня немцы супраць французаў, а, умоўна, сям’я Валуа супраць сям’і Габсбургаў. Думка людзей, якія, уласна, і ваявалі на гэтай вайне, не прымалася ў разьлік.

— То бок Расея ў палітычным сэнсе вярнулася ў сярэднявечча?

— У нешта такое манархічнае. Прастолу няма, цара няма, — але ўся сыстэма працуе так, нібыта Раманавы вырашылі забраць сабе нейкія тэрыторыі на Захадзе і пачалі вайну. Але складанасьць сытуацыі ў тым, што ў цяперашняй Расеі нібыта ёсьць Канстытуцыя, праходзяць нібыта выбары. Але ўсё працуе так, нібыта на чале краіны цар, які ўсё гэта ігнаруе.

Думка расейскіх грамадзян нікому не цікавая. Думка грамадзяніна цікавіць толькі тады, калі ў гэтага грамадзяніна ёсьць права на кантроль у сваёй краіне. У расейцаў такога права няма. Таму, нягледзячы на тое, што ён мае пашпарт і Канстытуцыю, — па сутнасьці ён не грамадзянін, ён падданы. Ён ня мае ніякага дачыненьня да таго, што адбываецца зь ягонай краінай.

— Але вы якраз нядаўна пісалі ў сябе ў фэйсбуку, што гэты стан расейскага грамадзтва стаў вынікам таго, што самі расейцы столькі гадоў стараніліся палітыкі і не хацелі ўлазіць у адстойваньне сваіх правоў.

— У Расеі Канстытуцыя ёсьць, правы ёсьць — але людзі імі не карыстаюцца. Гэта ў нечым падобна да сытуацыі ў Беларусі зь беларускай мовай. Гэта дзяржаўная мова, і яшчэ 2–3 пакаленьні таму большасьць беларусаў на ёй гаварылі. Але пры гэтым, калі вы нейкі час, як я, жылі ў Беларусі, то вы бачыце, наколькі беларуская мова цяпер далёкая ад большасьці беларусаў.

Вось у расейцаў такія ж адносіны з правамі. Пры тым, што Расея мяжуе з Эўропай, ёсьць горад Пецярбург, які падобны да Стакгольму, толькі не такі чысты. Расея 300 гадоў імкнецца ў Эўропу і неяк усё ніяк не трапляе...

— Можа, ня так моцна і імкнецца...

— Можа, дыстанцыя была настолькі гіганцкая, што каб прайсьці яе, трэба некалькі стагодзьдзяў. Максім Грэк, калі прыехаў у Масковію ў XVI стагодзьдзі, зьдзіўляўся таму, што масквічы апранаюцца практычна як пэрсы.

Зараз цэнтар Масквы нічым не адрозьніваецца ад любой заходняй сталіцы — тыя ж кавярні, тыя ж часопісы, сэрыялы, гаджэты, адзеньне. Парадокс Расеі ў тым, што Расея зьнешне выглядае як эўрапейская краіна, але палітычныя навыкі расейцаў засталіся як у падданых. Гэта такі дзіўны гібрыд — у людзей ёсьць пашпарты, канстытуцыі, унівэрсытэты, гаджэты, але калі справа даходзіць да грамадзянскіх навыкаў і палітыкі, то расейцы паводзяць сябе як падданыя саудаўскіх прынцаў. Расейцы нібыта добраахвотна адмаўляюцца ад правоў на сваю краіну.

— Цяперашняя вайна Расеі з Украінай — гэта вайна каго з кім? Вайна цывілізацыі супраць барбарства, свабоды супраць аўтарытарызму, імпэрыі супраць сваёй былой часткі? Як бы вы сфармулявалі?

— Для людзей, якія пачалі гэтую вайну, гэта нешта містычнае. Яны лічаць, што Ўкраіна павінна быць у арбіце Масквы, і гэта амаль рэлігійнае. Чаму яны так думаюць — цяжка сказаць, цяжка тлумачыць вар’яцтва. Для іх гэта нейкая звышмэта, дзеля якой можна ахвяраваць жыцьцямі, дабрабытам краіны, эканомікай.

Я думаю, калі б кіраўніцтва Расеі мянялася дэмакратычным шляхам — то ніводзін палітычны лідэр на такую вайну не наважыўся б.

Украіна большая за Францыю па тэрыторыі, гэта вялізная краіна, якая знаходзіцца ў працэсе будаўніцтва, пераходзіць у нацыянальна-дэмакратычны стан. І я, дарэчы, лічу, што калі б не агрэсія Расеі, пачынаючы ад 2014 году, то гэты працэс пабудовы ўкраінскай нацыі моцна зацягнуўся б. А Масква яго вельмі імкліва падштурхоўвае.

Увесь гэты сюжэт выглядае прыблізна так. У нейкай краіне кароль звар’яцеў і раптам напаў на суседнюю рэспубліку. Напаў, не абдумаўшы, не падрыхтаваўшы, мяняючы пляны. І ён гэта зрабіў проста таму, што «страціў сувязь з рэальнасьцю».

— Якія могуць быць стратэгічныя наступствы гэтай вайны? На фоне таго, што ўвесь Захад будзе дапамагаць Украіне, да чаго можа прывесьці аслабленьне Расеі?

— Расейскія грамадзяне даўно выкінулі на сьметнік Канстытуцыю і свае правы. Я думаю, вайна прымусіць расейцаў зацікавіцца сваімі правамі на кіраваньне краінай. Гэта добры ўрок, цяжкі ўрок, які яны наўрад ці забудуць. Я думаю, гэта можа стаць пачаткам такога вялікага грамадзянскага прасьвятленьня ў Расеі.

У Расеі таксама павінен зьявіцца лёзунг «Ніколі зноў». «Мы цяпер ніколі ня будзем прагульваць выбары, забываць пра Канстытуцыю і правы». Законамі, правамі і Канстытуцыяй трэба займацца гэтак жа рупліва, як выхаваньнем сваіх дзяцей.

— Для мяне гэта выглядае трошкі летуценна. Дзесяцігодзьдзямі расейцы ня памяталі пра правы і Канстытуцыю, і раптам зараз чамусьці ўспомняць. Я маю на ўвазе, што іншыя нацыі, якія пабудавалі таталітарныя, мілітарысцкія рэжымы і пачыналі войны (немцы, японцы), успаміналі пра правы і свабоды толькі пасьля моцнай, скрышальнай паразы і з дапамогай пераможцаў. Можа, і расейцы без радыкальнай паразы наўрад ці ўспомняць пра правы і свабоды.

— Сытуацыі 1945 году і 2022 году — гэта розныя сьветы. Думаю, ёсьць іншыя шляхі — без замежнай адміністрацыі ў якасьці кантралёра. Тое, што ў Расеі зьявіўся Аляксей Навальны — даказвае, што ў Расеі шмат чаго сьпее. Магчыма, павольна. За Палярным кругам растуць такія карлікавыя бярозкі — павольна, але растуць. Расея — гэта не ляднік, гэта не застылая прастора, гэта тундра, дзе нешта расьце.

Калі гаварыць пра Беларусь, то возьмем, напрыклад, Бабарыку. Не было такіх людзей у 1994 годзе, з такім досьведам, фінансавымі магчымасьцямі, які б ведаў эўрапейскае жыцьцё і разумеў, куды Беларусі рухацца. Гэта азначае, што за гэтыя 30 гадоў, нягледзячы на Лукашэнку, беларускае грамадзтва разьвівалася. Яно ўскладнялася, стала лепш сябе ўсьведамляць, выбары 2020 году паказалі, як гэтае грамадзтва сьпее, сталее, усьведамляе грамадзянскія каштоўнасьці. У Расеі гэта таксама адбываецца.

— Ці лічыце вы, што вайна, аслабленьне Расеі дае Беларусі большыя гістарычныя шанцы на дэмакратычную і эўрапейскую пэрспэктыву? Рэжым у Беларусі ўтрымаўся ў жніўні 2020-га ў значнай ступені дзякуючы Маскве, і многія ў Беларусі гэта зразумелі.

— Думаю, рашэньне Пуціна пачаць вайну пахіснула веру беларусаў у рацыянальнасьць Масквы. Да вайны толькі Зянон Станіслававіч Пазьняк гаварыў, што Масква — гэта не сьвятло розуму, Масква рэгулярна вар’яцее, у яе ёсьць з глыбіні вякоў схільнасьць ладзіць войны на пустым месцы. Зараз усе беларусы пабачылі на свае вочы, што на Расею спадзявацца нельга. Пачынайце гартаць падручнік беларускай мовы і Статут ВКЛ. Вайна паказвае беларусам, што ня трэба спадзявацца на Расею, а больш трэба думаць пра ўласную нацыянальную ідэю.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG