«Работнікі Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў ініцыявалі нацыяналізацыю бытавой тэхнікі беларускага вытворцы, знойдзеную на складах адной з мытняў у Хмяльніцкім. У прыватнасьці, праваахоўнікі знайшлі 222 лядоўні і 16 маразільных камэраў. Агульны кошт тавару на рынку складае прыкладна 1 мільён 900 тысяч грыўняў», — гаворыцца ў паведамленьні Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў Украіны.
Тавары перадалі Хмяльніцкай абласной вайсковай адміністрацыі, іх ужо выкарыстоўваюць для патрэбаў Узброеных сіл Украіны.
Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне нацыяналізавалі сотні чыгуначных вагонаў і цыстэрнаў на мільёны даляраў, уласьнікамі якіх ёсьць бізнэсоўцы зь Беларусі і Расеі, а таксама беларускае судна «Надежда» якое абслугоўвала Расею ва ўкраінскіх водах. Таксама ў сувязі з вайной ва Ўкраіне ініцыявалі нацыяналізацыю беларускага прадпрыемства ў Жытомірскай вобласьці.