Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе і ЗША абмяркоўваюць канфіскацыю расейскіх актываў на карысьць Украіны


Цэнтральны банк Расеі
Цэнтральны банк Расеі

Ініцыятарам выключэньня расейскіх актываў у Эўразьвязе выступае Польшча. Яна заклікае саюзьнікаў узгадніць на ўзроўні ЭЗ адпаведны мэханізм.

Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Павал Яблоньскі ў інтэрвію выданьню Financial Times заявіў, што ўласнасьць расейскіх алігархаў, якія трапілі пад санкцыі, а таксама сотні мільярдаў эўра рэзэрваў Цэнтральнага банку Расеі, замарожаныя заходнімі дзяржавамі, павінныя быць даступныя для выдаткаў на аднаўленьне Ўкраіны.

«Мы лічым, што павінна быць прынятае палітычнае рашэньне, што мы хочам ісьці ў гэтым кірунку і што мы гатовыя канфіскаваць гэтыя актывы назаўжды. Як гэта рабіць — мы адкрытыя для абмеркаваньняў», — заявіў Яблоньскі.

Чыноўнікі ЭЗ у сваю чаргу папярэджваюць аб істотных юрыдычных перашкодах для арышту актываў у дзяржавах-сябрах. У прыватнасьці, строгія гарантыі і патрабаваньні належнага працэсу, што ўскладняе канфіскацыю маёмасьці па-за крымінальнымі справамі. Некаторыя юрысты папярэджваюць, што занадта моцнае спрашчэньне працэдуры арышту створыць небясьпечны прэцэдэнт і паставіць пад пагрозу права ўласнасьці.

Тэма арышту актываў прыцягвае ўвагу ў ЭЗ, дзе Польшча зьяўляецца вядучым прыхільнікам ідэі, якую ўжо падрабязна вывучае Эўрапейская камісія.

ЗША хочуць перадаць Украіне арыштаваныя расейскія актывы. Ужо рыхтуюць зьмены ў заканадаўства

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна зьвернецца ў Кангрэс па ўнясеньне зьменаў у заканадаўства, якія спросьцяць Міністэрству юстыцыі ЗША канфіскацыю актываў расейскіх алігархаў і перавод часткі грошай ва Ўкраіну.
«Мы вельмі пільна вывучаем гэтае пытаньне, і я чакаю, што будуць запыты на заканадаўчыя зьмены», — цытуе «Голас Амэрыкі» генэральнага пракурора Мэрыка Гарлянда, які выступаў у адным з падкамітэтаў у Сэнаце.

«Гэта можа, у прыватнасьці, датычыць таго, як мы праводзім канфіскацыі, каб нам было лягчэй іх праводзіць. Апроч таго, гэта датычыць магчымасьці забіраць грошы з фондаў, якія канфіскуюцца, і перадаваць іх Украіне», — патлумачыў ён.

Канфіскацыя актываў — гэта санкцыянаваная судом юрыдычная працэдура, якая дазваляе завалодаць маёмасьцю, якая выкарыстоўваецца незаконна або выкарыстоўвалася ў незаконнай дзейнасьці ці ў садзейнічаньні злачынству.
Нерухомасьць і іншыя актывы заможных паплечнікаў прэзыдэнта Расеі, арыштаваныя і канфіскаваныя Міністэрствам юстыцыі, перадаюцца ў Фонд сканфіскаваных актываў.

Сабраныя сродкі звычайна выкарыстоўваюцца для правядзеньня расьсьледаваньняў, апэрацый па канфіскацыі актываў і пакрыцьця іншых выдаткаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG