За значок з Пагоняй суд у Пінску аштрафаваў праваабаронцу Алеся Рамановіча на 3840 рублёў. Справа разглядалася паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
«Я прынёс на суд скрыншоты, ксэракопіі, якія пацьвярджалі, што герб Пагоня — гісторыка-культурная каштоўнасьць. А ў адказ судзьдзя запыталася: «А вы ведалі, што Пагоня выкарыстоўваецца як сымбаль пратэсту?» — расказаў Рамановіч тэлеграм-каналу «Позірк. Навіны пра Беларусь».
Паводле праваабаронцы, ён плянуе абскардзіць штраф. Раней Рамановіч заяўляў пра катаваньні ў Пінскім ІЧУ холадам, адсутнасьцю сну і належных санітарных умоваў.
У Берасьці на судзе без пракурора графіціста асудзілі за надпіс «No war»
Крымінальную справу паводле артыкула 341 КК «Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці» ў дачыненьні да мясцовага 21-гадовага графіціста Рамана Барташа завялі яшчэ 20 сакавіка. Менавіта ў той дзень хлопец стварыў каля чыгуначнай станцыі Брэст-Паўднёвы графіці з надпісам «No war».
Амаль адразу хлопца знайшлі і затрымалі супрацоўнікі аховы чыгункі.
22 красавіка справу Рамана разгледзела судзьдзя Маскоўскага суду Берасьця Марыя Аліфярук.
Паводле зьвестак «Вясны», судовае паседжаньне праходзіла без пракурора, бо пракуратура прапанавала разгледзець справу ў паскораным парадку.
Раман Барташ цалкам прызнаў сваю віну. У выніку суд Маскоўскага раёну Берасьця прызнаў Барташа вінаватым і прысудзіў яму 1 год абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).
75 сутак за кратамі. Пяты суд над старшынёй незалежнага прафсаюзу «Нафтан»
27 красавіка ў судзе Наваполацку пяты раз запар асудзілі старшыню незалежнага прафсаюзу «Нафтан» Вольгу Брыцікаву, якую затрымалі яшчэ 27 лютага. Справу разглядала судзьдзя Зінаіда Балаболава. Пяты пратакол на Вольгу зноў склалі па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне). Папярэднія чатыры пратаколы супраць актывісткі былі за антываенныя акцыі пратэсту.
Брыцікаву прызналі вінаватай і зноў пакаралі 15-дзённым арыштам. Яе ўтрымліваюць у часовым ізалятары Вушачаў, паведамляе «Вясна назірае».
Вольга Брыцікава – старшыня незалежнага прафсаюзу «Нафтан». У жніўні 2020 году яна публічна выказала патрабаваньні супрацоўнікаў «Нафтану», а ў першыя дні вайны запісала відэазварот, у якім выказалася супраць нападу Расеі на Ўкраіну.
У БДТУ падчас заняткаў затрымалі выкладчыка
Як паведамляе тэлеграм-канал «Салідарны БДТУ», нядаўна ва ўнівэрсытэце затрымалі выкладчыка катэдры эканамічнай тэорыі і маркетынгу Зьмітра Аляксандравіча Жука. На гэты момант вядома, што АМАП затрымаў Жука падчас пары, нібыта за фінансаваньне тэрарызму.
У Барысаве затрымалі таксіста, які адмовіўся везьці расейскага вайскоўца
У Барысаве супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі таксіста, які адмовіўся падвозіць расейскага вайскоўца са словамі: «Пакуль ня выведуць войскі, мы вас ня возім». «Пакаяльнае» відэа з таксістам зьявілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, паведамляе «Вясна». На відэа мужчына кажа, што падпісаны на «розныя тэлеграм-каналы» і быў затрыманы за тое, што адправіў у адзін з каналаў відэа «з выявай вайскоўцаў».
Таксама паведамляецца, што таксіст здымаў перамяшчэньне расейскай вайсковай тэхнікі і адпраўляў відэа «экстрэмісцкім рэсурсам». На мужчыну завялі крымінальную справу па арт. 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Жыхара Кобрына асудзілі на «хімію» за фота зь «непрыстойным жэстам» на фоне навагодняга тэлезвароту Лукашэнкі
Жыхара Кобрына Дзяніса Кісялёва асудзілі на паўтара года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія») за зробленае ў навагоднюю ноч фота — мужчына сфатаграфаваў свой «непрыстойны жэст» на фоне ўключанага тэлевізара, па якім паказвалі зварот Лукашэнкі, паведамляе «Вясна | Брэст».
Фота Дзяніс Кісялёў выклаў у закрыты чат у тэлеграме. 12 студзеня мужчыну затрымалі, яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Справу разглядаў судзьдзя Вадзім Здановіч.
Затрыманы раварыст Максім Рускевіч
Як паведамілі праваабаронцам, сёньня ў Менску быў затрыманы раварыст Максім Рускевіч. Сілавікі прыйшлі да яго на працу і сказалі, што ён праходзіць «па нейкай чыгуначнай справе».