Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская, Хоміч і Цапкала ў Бэрліне: гарантыі бясьпекі Беларусі, рэабілітацыя для дзяцей палітвязьняў


Сьвятана Ціханоўская, Тацяна Хоміч, Вераніка Цапкала на сустрэчы зь нямецкімі палітыкамі ў Бэрліне, 25 красавіка 2022
Сьвятана Ціханоўская, Тацяна Хоміч, Вераніка Цапкала на сустрэчы зь нямецкімі палітыкамі ў Бэрліне, 25 красавіка 2022

25 красавіка Сьвятлана Ціханоўская пачала працоўны візыт у Бэрлін, дзе разам з Тацянай Хоміч і Веранікай Цапкалай праводзіць сустрэчы з палітыкамі, урадам Нямеччыны, дыяспарай і актывістамі, якія зьбіраюць гуманітарную дапамогу.

Сёлета было анансавана, што беларускае трыа атрымае Міжнародную прэмію імя Карла Вялікага, якую называюць галоўнай палітычнай узнагародай Эўропы.

Ціханоўская, Цапкала і Хоміч сустрэліся з прэзыдэнткай нямецкага Бундэстагу Бэрбэль Бас. Яны заявілі, што недапушчальна ісьці на нейкія саступкі рэжыму Лукашэнкі, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітвязьні. Таксама казалі пра неабходнасьць пошуку і закрыцьця «шчылін» для памагатых Лукашэнкі. Ціханоўская адзначыла, што ў парлямэнце Нямеччыны больш за ўсё дэпутатаў, якія ўзялі патранаж над хаця б адным беларускім палітвязьнем. Таксама найбліжэйшым часам у Бундэстагу будуць разглядаць пытаньне аб стварэньні парлямэнцкай групы «Сяброў Беларусі».

«Посьпех гэтых сустрэч паказвае на дзьве рэчы. Першая — нягледзячы на ўсё, нам удаецца захаваць адзінства. Мы зноў разам з „трыа“, якое за сем хвілін летам 2020 году дамовілася аб аб’яднаньні. Другая — Нямеччына прынцыпова і пасьлядоўна падтрымлівае свабодную Беларусь», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

На сустрэчы з прадстаўніком канцылярыі Оляфа Шольца, міністрам культуры Кляўдыяй Рот беларускі абмеркавалі пытаньне падтрымкі Ўкраіны, а таксама дзеячаў культуры, адукацыйныя і асьветніцкія праграмы, якія ўзмацняюць беларускую ідэнтычнасьць. Казалі і аб дапамозе беларускім уцекачам і сем’ям палітвязьняў, магчымасьць выдачы візаў у Менску і падаўжэньні дакумэнтаў у Нямеччыне для тых, хто ня можа вярнуцца на радзіму.

Апроч гэтага, стала вядома, што прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі вырашылі не запрашаць на мерапрыемствы ў Бэрліне, прысьвечаныя заканчэньню ІІ сусьветнай вайны.

«Наша задача — утрымаць Беларусь на парадку дня. Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, шмат што памянялася. Мы павінны расказваць сьвету, што Беларусь — гэта не Расея. Лукашэнка — гэта не народ. Але мы таксама павінны шукаць саюзьнікаў, якія заступяцца за нашу краіну ў крытычны час», — адзначае Ціханоўская.

Вераніка Цапкала
Вераніка Цапкала

Акрамя гэтага, Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу з мэрам Бэрліна Францыскай Гіфай. Кіраўніца нямецкай сталіцы пагадзілася знайсьці памяшканьне для працы беларускай дыяспары. Ціханоўская і Гіфай таксама абмеркавалі магчымасьць рэабілітацыі дзяцей палітвязьняў у Бэрліне.

Адной з ідэй на сустрэчы было зладзіць Дзень салідарнасьці зь Беларусьсю ў раёне 29 траўня, калі быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG