У красавіку мінулага году ў адказ на адмову спансаваць чэмпіянат сьвету па хакеі беларускія ўлады забаранілі ўвоз прадукцыі пад гандлёвымі маркамі Nivea, Škoda і Liqui Moly. Са студзеня гэтага году Беларусь увяла эмбарга на шэраг тавараў з краін ЭЗ у адказ на санкцыі.
Škodа
Цяпер яшчэ дзейнічае пастанова ўраду, якая забараняе завозіць у Беларусь новыя машыны гэтай маркі. Аднак набыць аўтамабіль пад вядомай чэскай маркай можна: шэраг сайтаў прапануюць машыну зь мінімальным прабегам.
Liqui Moly
Афіцыйны дыстрыбутар Liqui Moly ў Беларусі — кампанія ОБК абвясьціла пра разрыў супрацоўніцтва з кампаніяй Liqui Moly яшчэ ў студзені 2021 году. Аднак у Беларусі аж да сёньня можна набыць тавары ад Liqui Moly, напрыклад, праз каталёг Onliner ці сайт Deal.by. Пры гэтым прапаноў у каталёгах ня вельмі шмат, пад некаторымі маркамі гэтай машыннай алівы пазначана, што ў наяўнасьці іх няма.
Nivea
Адразу пасьля ўвядзеньня забароны на продаж прадукцыі Nivea некаторыя крамы проста прыбралі яе з паліц. Аднак пазьней у Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня патлумачылі, што цягам 60 дзён тавар можа быць маркаваны, а вось прадаваць яго можна, пакуль ня скончыцца тэрмін прыдатнасьці. То бок цягам 60 дзён пасьля забароны тавар можна пастаўляць у адкрытай упакоўцы, напрыклад, для салёнаў прыгажосьці. А тавар у закрытай упакоўцы можа рэалізоўвацца да заканчэньня тэрміну прыдатнасьці.
Цяпер прадукцыю Nіvea можна сустрэць як у інтэрнэт-крамах, так і ў звычайных. Напрыклад, у сетцы крамаў «Міла» некаторая прадукцыя Nіvea на зьніжках.
Прадукты
З 1 студзеня 2022 году Беларусь увяла эмбарга на некаторыя прадукты з краін Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Канады, Нарвэгіі, Альбаніі, Ісьляндыі, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі і Швайцарыі. У прыватнасьці, пад забарону падпалі малочныя прадукты, мяса, гародніна.
Праз чатыры месяцы пасьля забароны на сэрвісе e-dostavka знаходзім тварожны дэсэрт з Бэльгіі, вяршкі зь Нямеччыны, сыры з Італіі і Фінляндыі, Нямеччыны, Даніі, Францыі і Польшчы. Агулам 44 пазыцыі з краін Эўразьвязу.
Сярод гародніны прадукцыі з краін Эўразьвязу няма, але стала больш гуркоў і памідораў з Расеі і перцаў з Турэччыны.