Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: Украіна гатовая на любы фармат абмену, каб разблякаваць Марыюпаль


Прэзыдэнт Украіны Уладзімер Зяленскі
Прэзыдэнт Украіны Уладзімер Зяленскі

Украіна гатовая дыпляматычна разблякаваць Марыупаль, але Расея не гатовая гэта зрабіць, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Пра гэта ён заявіў 20 красавіка ў Кіеве на сумеснай прэс-канфэрэнцыі са старшынём Эўрапейскай рады Шарлем Мішэлем.

«Сытуацыя ў Марыюпалі пагаршаецца. На жаль, пакуль мы ня можам дасягнуць там станоўчага выніку. У нашых вайскоўцаў і салдатаў сотні параненых. Абараняючы сваёй сьпінай звычайных цывільных людзей, яны губляюць свае жыцьці. Бо, наколькі я ведаю, у Марыюпалі за нашымі хлопцамі стаіць каля тысячы мірных жыхароў, сярод якіх ёсьць дзеці і жанчыны», — цытуе Зяленскага ягоная прэс-служба.

Ён зьвярнуў увагу, што дзякуючы працы гуманітарных калідораў раней з Марыюпалю ўдалося выехаць дзясяткам тысяч мірных жыхароў. Пры гэтым у Расейскую Фэдэрацыю прыехалі тысячы, і іх лёс украінскім уладам невядомы.

Зяленскі назваў два спосабы разблякаваць Марыюпаль: перадачу цяжкіх узбраеньняў украінскім вайскоўцам або дыпляматычны шлях, зь якім ня згодная Расея. Зяленскі заявіў, што Ўкраіна, са свайго боку, гатовая да розных фарматаў абмену сваіх людзей на расейскіх вайскоўцаў:

«Мы гатовыя да розных фарматаў абмену нашымі людзьмі з расейскімі людзьмі, расейскімі салдатамі, якіх яны пакінулі. І трупы пакінулі, і параненых выкінулі. Таму мы гатовыя, дзеля нашых людзей, як вайсковых, гэтак і цывільных, да любога фармату абмену».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG