«Мы абмеркавалі санкцыі супраць Расеі, абарону і фінансавую падтрымку нашай дзяржавы і адказы на анкету аб адпаведнасьці крытэрам ЭЗ. Дзякуй за зьмястоўную сустрэчу і салідарнасьць зь людзьмі», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў Twitter.
Таксама паведамляецца, што прэзыдэнт Украіны падзякаваў за выдзеленыя ЭЗ для Ўзброеных сілаў Украіны 1,5 мільярда эўра і выказаў думку, што ў справе санкцыяў супраць РФ «некаторыя рэчы не завершаныя».
Шарль Мішэль адзначыў, што ў бліжэйшыя тыдні будуць абвешчаныя дадатковыя санкцыі супраць Расеі.
«Галоўная мэта — зрабіць гэтыя санкцыі жорсткімі і балючымі не для нас, а для Крамля. Гэта тычыцца ўсіх галінаў прамысловасьці», — сказаў ён.
Шарль Мішэль выказаў думку, што ўкраінскія вайскоўцы ў Марыюпалі змагаюцца за эўрапейскія прынцыпы, і паведаміў, што прамежкавыя высновы адносна далучэньня Ўкраіны да ЭЗ будуць апублікаваныя ў чэрвені.