Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Знаходзім целы ў калодзежах і падвалах». У Кіеўскай вобласьці перадалі на экспэртызу целы 1045 ахвяр расейскіх войскаў


Брацкая магіла побач з царквой Андрэя Першазванага ў Бучы Кіеўскай вобласьці, 13 красавіка 2022 году
Брацкая магіла побач з царквой Андрэя Першазванага ў Бучы Кіеўскай вобласьці, 13 красавіка 2022 году

Сьледчыя паліцыі і пракуратуры перадалі на судова-мэдычную экспэртызу 1045 целаў, якія былі эксгумаваныя з масавых пахаваньняў і знойдзеныя забітымі ў падвалах разбураных дамоў Бучы, Барадзянкі, Ірпяня і Гастомеля Кіеўскай вобласьці.

«Мы ўжо знайшлі, агледзелі і перадалі на экспэртызу 1045 целаў. Гэта цывільныя людзі, якія не чынілі ніякага супраціву, яны ня маюць дачыненьня да тэрытарыяльнай абароны або іншых вайсковых структур», — паведаміў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ў Кіеўскай вобласьці Андрэй Небытаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону 20 красавіка.

Паводле яго, ад 50% да 75% ахвяр былі расстраляныя з аўтаматычнай зброі ці іншай агнястрэльнай зброі ў той час, калі эвакуаваліся на сваіх аўтамабілях.

«Іншыя загінулі ад мін, выбухаў, абстрэлаў з „Градаў“. Мы бачым, што Расейская Фэдэрацыя і яе армія сьвядома расстрэльвала ўкраінцаў за тое, што яны ўкраінцы», — падкрэсьліў ён.

«Расейцы спрабавалі кантраляваць насельніцтва. Яны шукалі людзей, якія былі лідэрамі грамадзкай думкі, дэпутатаў, мэраў, каб празь іх паўплываць на сьвядомасьць людзей, каб тыя прынялі „русский мир“. Людзей прымушалі надзяваць белыя стужкі, каб пазначыць, што іх праверылі і ў іх ёсьць дакумэнты. Але, напрыклад, у Бучы гэтых жа людзей снайпэры або іншыя вайскоўцы з аўтаматамі расстрэльвалі, а целы пакідалі на вуліцы», — паведаміў Андрэй Небытаў.

Кіраўнік абласной паліцыі падкрэсьліў, што канчатковая колькасьць ахвяр яшчэ вызначаецца.

«Яшчэ ня ўсе вярнуліся дадому. Целы мы працягваем знаходзіць у калодзежах, падвалах, па 6–10 целаў. Цяпер я еду па Барадзянцы. Каля мясцовай лякарні ёсьць два масавыя пахаваньні. Першае — 6 забітых грамадзян, у тым ліку 4 мужчыны і 2 жанчыны. Расстраляныя з аўтаматаў. Іншае пахаваньне — 1-гадовая дзяўчына, якая ехала з бацькамі, яны хацелі выехаць на бясьпечную тэрыторыю, а іх расстралялі з аўтаматаў. Бацькі атрымалі раненьні, а яе, з раненьнем у лёгкія, не змаглі ўратаваць. Цяпер ідзе эксгумацыя», — удакладніў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ў Кіеўскай вобласьці Андрэй Небытаў.

Акупацыя расейцамі Бучы, Ірпяня, Гастомеля, Барадзянкі, Макарава і іншых гарадоў Кіеўскай вобласьці працягвалася да 31 сакавіка. Калі расейскія войскі адступілі і ўкраінская ўлада пачала вяртаць кантроль над гэтымі гарадамі, сьледчыя пачалі фіксаваць ваенныя злачынствы расейцаў. Мірных грамадзян катавалі, гвалтавалі і расстрэльвалі, пакідаючы нябожчыкаў на вуліцах і не дазваляючы хаваць.

Вярхоўная Рада Ўкраіны на пасяджэньні 14 красавіка прызнала дзеяньні расейскіх войскаў ва Ўкраіне з 24 лютага генацыдам украінскага народу і заклікала ААН, ПАРЭ, Эўрапарлямэнт, ПА АБСЭ, ПА NATO, замежныя ўрады і парлямэнты падтрымаць менавіта такое вызначэньне дзеяньняў расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG