Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве заявілі пра захоп у Марыюпалі заводу Ільіча, у Кіеве сьцьвярджаюць, што там ідуць жорсткія баі


Разбурэньні ў Марыюпалі, красавік 2022 г.
Разбурэньні ў Марыюпалі, красавік 2022 г.

Міністэрства абароны Ўкраіны зьняпраўдзіла інфармацыю, якую раніцай 15 красавіка распаўсюдзілі ў Расеі пра захоп расейскімі войскамі мэталюргічнага камбінату імя Ільіча.

«Сытуацыя ў Марыюпалі складаная і цяжкая. Там працягваюцца баі. Расейская армія ўвесь час далучае новыя падразьдзяленьні, каб штурмаваць гэты горад. Паводле стану на цяпер ідуць актыўныя баі ў раёне заводу Ільіча і ў партовай зоне Марыюпалю. Але цалкам захапіць горад расейцам пакуль не ўдаецца», — заявіў сьпікер Міністэрства абароны Ўкраіны Аляксандар Матузянік.

Адказваючы на пытаньне журналістаў, ці дапаможа абароне Марыюпалю зьнішчэньне расейскага крэйсэра «Масква», Аляксандар Матузянік сказаў:

«Любая страта расейскай арміі пазытыўна ўплывае на Ўкраіну, якая абараняецца. Адназначна, страта флягмана Чарнаморскага флёту Расеі — гэта знакавая страта, і адназначна, што іхныя сілы ў чарнаморскім рэгіёне значна зьменшыліся».

У той жа час сьпікер Міністэрства абароны Ўкраіны пазьбегнуў адказу на пытаньне аб датычнасьці ўкраінскіх войскаў да зьнішчэньня крэйсэра «Масква». Раней украінскія палітыкі і экспэрты заяўлялі, што расейскі крэйсэр затануў пасьля нанясеньня па ім удару ўкраінскімі ракетамі «Нэптун».

Раніцай 15 красавіка Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў Марыюпалі нібыта «групоўка расейскіх войскаў і падразьдзяленьняў народнай міліцыі „ДНР“ цалкам вызвалілі ад украінскіх нацыяналістаў мэталюргічны камбінат імя Ільіча».

Камандзір 36-й асобнай брыгады марской пяхоты, маёр Сяргей Валына заклікае ўлады правесьці дэблякаду Марыюпалю як найхутчэй — або ваенным, або палітычным шляхам.

На раніцу 15 красавіка абаронцы Марыюпалю вядуць упартыя баі, супернік агрэсіўна надыходзіць, «сытуацыя зьяўляецца крытычнай», заявіў Сяргей Валына ў камэнтары «Ўкраінскай праўдзе».

На думку Валыны, Марыюпаль можа ўратаваць альбо тэрміновая ваенная апэрацыя, альбо палітычнае рашэньне. Камандзір марпехаў упэўнены, што сёньня дэблякада Марыюпалю магчымая, але яе неабходна правесьці «ў найкарацейшыя тэрміны, прыцягнуць вопытных камандзіраў і неабходныя сродкі».

Паводле яго, украінскія вайскоўцы ня маюць намеру здавацца ў палон і гатовыя змагацца, але сытуацыя пагаршаецца.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG