Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 14 красавіка: 3 гады «хіміі» за марш пратэсту ў 2020-м; новыя затрыманьні ў Менску; новы прысуд па «справе Зельцара»

абноўлена

Сілавікі ў Менску
Сілавікі ў Менску

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

«Я беларус і хачу жыць у Беларусі без Лукашэнкі»: паўтара года калёніі гарадзенцу за «абразу прэзыдэнта»

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 14 красавіка вынесьлі прысуд па крымінальнай справе Андрэя Сьцепаненкі, абвінавачанага паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу ў абразе Лукашэнкі, паведамляе «Вясна».

Згодна з матэрыяламі справы, Андрэй напісаў у адным з чатаў:

«...Я не хачу ў Польшчу. Я беларус і хачу жыць у Беларусі без Лукашэнкі. У Беларусі, у якой закон вышэй, важней якогасьці там вусатага...»

Гэта палічылі абразай Лукашэнкі. У судзе Андрэй Сьцепаненка патлумачыў:

«Паведамленьне было напісана 11 жніўня 2020 году, калі па ўсёй краіне былі размовы, што выбары сфальсыфікаваныя, што адбываюцца беспарадкі. Чат быў створаны і выкарыстоўваўся выпускнікамі ліцэю ў колькасьці 10 чалавек для зносінаў і арганізацыі вечара сустрэч выпускнікоў. У чаце я паведамленьне пісаў на прапанову пакінуць Беларусь у сувязі з тым, што мяне затрымлівалі напярэдадні, нягледзячы на тое, што я ні ў якіх пратэставых акцыях ня ўдзельнічаў. Быў аштрафаваны. На фоне такога засмучэньня, крыўды было напісана паведамленьне».

9 жніўня 2020 году Сьцепаненку, калі ён выйшаў проста пагуляць, затрымала міліцыя, яму далі 15 базавых штрафу. Пазьней у чаце нехта параіў яму зьехаць зь Беларусі ў Польшчу па палітычных матывах, ён адказаў, што зьяжджаць не зьбіраецца.

Пасьля Андрэя затрымалі ў лютым 2022 году — калі ён браў удзел у спаборніцтвах па шматбор’і. На ўваходзе ў спартовую залю КДБ ахоўнік убачыў на заплечніку значок з «Пагоняй» і выклікаў міліцыю. Тыя агледзелі рэчы, а таксама тэлефон, і ў адным з чатаў знайшлі гэтае паведамленьне.

На Андрэя склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП і прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Акрамя таго, 11 сакавіка яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці па ч.2 арт. 19.11 КаАП, нібыта за тое, што спампаваў «УКантакце» відэа гумарыстычнага зьместу зь лягатыпам «Белсат», хоць на момант перасылкі «Белсат» яшчэ ня быў забаронены. Пасьля адміністрацыйнага арышту Андрэя ня выпусьцілі — завялі крымінальную справу.

Дзяржаўнае абвінавачаньне на судзе запрасіла для яго 1 год і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Менавіта такі прысуд вынес судзьдзя Ўладзімер Пазьняк.

Мянчанку асудзілі на 3 гады «хіміі» за ўдзел у самым вялікім маршы ў гісторыі Беларусі

Суд Заводзкага раёну Менску асудзіў на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу 29-гадовую палітзьняволеную Лідзію Новік. Такі прысуд вынес судзьдзя Алег Каляда. Жанчыну абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у самай вялікай акцыі пратэсту ў гісторыі Беларусі — «Маршы за свабоду» 16 жніўня 2020 году.

Лідзію затрымалі сёлета 3 студзеня — яе ідэнтыфікавалі па фота. Сёньня вызвалілі ў залі суду да накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

Другі ў Берасьці прысуд па «справе Зельцара»

3 гады калёніі і 3200 рублёў штрафу прысудзілі 14 красавіка палітвязьню Віктару Катоўскаму, паведамляе «Вясна | Брэст». Яго судзілі за тры інтэрнэт-камэнтары, па адным камэнтары на артыкул Крымінальнага кодэксу:

  • за паведамленьне «Шкада эпамаўца. Адным лайном на зямлі менш» у ноч з 28 на 29 верасьня 2021 — артыкул 369 КК (Зьнявага прадстаўніка ўлады).
  • за камэнтар «Хлопец — герой. Жыцьцё паклаў у барацьбе з гэтымі казламі, нягледзячы на наяўнасьць сям’і» — арт. 130 КК («Распальваньне варожасьці»).
  • за фразу «шызоід вусаты» ў кастрычніку 2020 году — па артыкуле «Зьнявага прэзыдэнта РБ».

Суд прайшоў 12 і 14 красавіка. Судзьдзя — Мікалай Грыгаровіч. Па сукупнасьці трох артыкулаў палітвязьню пракурор запрасіў пакараньне ў выглядзе 3 гадоў калёніі і 100 базавых штрафу (3200 рублёў). Судзьдзя 14 красавіка вынес менавіта такое пакараньне, якога запрошваў пракурор.

Віктара Катоўскага затрымалі яшчэ 29 верасьня 2021 году.

Актывістку Сьвятлану Каваленку арыштавалі за «непадпарадкаваньне міліцыянту»

Раніцай 13 красавіка ў Менску проста на працы затрымалі Сьвятлану Каваленку. У Партызанскім РУУСе на яе склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП нібыта за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», паведамляе «Вясна назірае».

Сёньня справу Сьвятланы разглядаў судзьдзя Партызанскага раёну Міхаіл Хома. Ён прызнаў жанчыну вінаватай і прысудзіў 12 дзён арышту.

Сьвятлану ў 2020 годзе перасьледавалі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй, а таксама за тое, што далучылася да акцый па зборы подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзыдэнты.

У Беларусі +14 новых палітвязьняў

Беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі яшчэ 14 чалавек, якім прад'явілі абвінавачаньні, вынесьлі прысуды або якіх заключылі пад варту паводле наступных артыкулаў:

  • Зьміцер Дашкевіч, Кацярына Алексіян, Аляксей Буркоў, Канстанцін Высочын, Іван Глебка, Алег Касьпяровіч, Максім Матырка, Анастасія Санкоўская, Анжаліка Сьмірнова, Вольга Чарняк, Руслан Шапуноў, Уладзімер Яроменка — па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»),
  • Леанід Шамаў — па ч.2 арт 293 («Масавыя беспарадкі),
  • Алег Абдулаеў, накіраваны для адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі па ч.1 арт. 342 КК у папраўчую ўстанову.

Агулам на 14 красавіка беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўжо 1130 чалавек.

Затрыманьні ў Менску

У Менску на працы затрымалі Сьвятлану Каваленку. Паводле папярэдняй інфармацыі, яе даставілі ў Партызанскае РУУС. Прычына затрыманьня пакуль невядомая, піша «Вясна»

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала BY-culture, у Менску затрымалі і рэдактарку Аляксандру Макавік. Аляксандра па адукацыі філёляг, удзельнічала ў падрыхтоўцы многіх кніг, працавала ў СМІ.

Прычыны яе затрыманьня таксама невядомыя. Вядома толькі, што Аляксандру Макавік даставілі ў адно з РУУС Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG