Галоўнае на гэты момант
- У ноч на 12 красавіка расейцы абстралялі Луганскую і Хмяльніцкую вобласьці.
- На Херсоншчыне, побач з адміністрацыйнымі межамі Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласьцей, працягваюцца баі.
- Зяленскі заявіў пра дзясяткі тысяч загінулых у аточаным расейцамі Марыюпалі, дзе ідуць баі.
- Расейскія ракетныя атакі зьнішчылі міжнародны аэрапорт у Дніпры.
- У вёсцы Бузавая, у Кіеўскай вобласьці, знайшлі брацкую магілу зь целамі дзясяткаў цывільных асобаў.
- ААН пацьвердзіла гібель амаль 1800 мірных жыхароў падчас вайны Расеі супраць Украіны.
- Сярод загінулых, паводле зьвестак ААН, 142 дзіцяці (зьвесткі Генпракуратуры Ўкраіны на раніцу 10 красавіка кажуць пра гібель 177 дзяцей).
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 12 красавіка
Контранаступ у Новаайдары
Пасьля атакі ўкраінцаў расейцы страцілі шмат тэхнікі і боепрыпасаў.
Абстрэлы Луганскай і Хмяльніцкай абласьцей, баі на Херсоншчыне
У ноч на 12 красавіка падчас паветранай трывогі расейцы нанесьлі ракетны ўдар па аб’екце інфраструктуры ў Хмяльніцкай вобласьці. У выніку ўзьнік пажар, які ўжо патушылі. Пацярпелых няма, сьведчыць справаздача мясцовай абласной вайсковай адміністрацыі, піша «Українська правда».
У Харкаве акупанты працягваюць абстрэлы мірнага насельніцтва. Расейцы пачалі абстрэльваць увесь горад сыстэмамі залпавага агню зь мінамі запаволенага дзеяньня. Вечарам абстралялі 16-павярховы дом. За ноч і дзень абстрэлаў у рэгіёне больш за 30 мірных жыхароў пацярпелі, 8 загінулі. Дакладную колькасьць яшчэ высьвятляюць.
Па Луганскай вобласьці ідзе пастаянны артылерыйскі абстрэл усёй тэрыторыі. 11 красавіка больш за ўсё пацярпелі жылыя раёны Рубежнага, Лісічанску, Севераданецку і Навадружаску. У Лісічанску адзін чалавек загінуў, яшчэ трое атрымалі раненьні, дваіх своечасова эвакуавалі. Байцы ДСНС ліквідавалі 17 пажараў.
У Херсонскай вобласьці баі і абстрэлы працягваюцца на тэрыторыях каля суседніх Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласьцей. Пацярпелыя ёсьць, інфармацыя ўдакладняецца. Рэгіён на парозе гуманітарнай катастрофы. Без электрычнасьці застаюцца 106 населеных пунктаў.
Абарона Марыюпалю працягваецца
36-я брыгада марской пяхоты Ўкраіны кажа, што працягвае адстойваць Марыюпаль. Пры гэтым ніякага падвозу харчаваньня ці боепрыпасаў не адбывалася, бо мясцовасьць аточаная расейцамі.
Баі на ўсходзе Ўкраіны ўзмоцняцца ў бліжэйшыя два-тры тыдні — брытанская выведка
Сытуацыя ва ўсходніх рэгіёнах Украіны можа пагоршыцца ў бліжэйшыя тыдні, паведамляе Міністэрства абароны Злучанага Каралеўства са спасылкай на дадзеныя сваёй выведкі.
«Баявыя дзеяньні на ўсходзе Украіны будуць узмацняцца ў бліжэйшыя два-тры тыдні, паколькі Расея працягвае канцэнтраваць там свае намаганьні», — гаворыцца ў заяве міністэрства.
Агенцтва зьвяртае ўвагу на тое, што атакі расейскіх войскаў працягваюць канцэнтравацца на пазыцыях Узброеных сіл Украіны ў Данецкай і Луганскай абласьцях, а таксама на «баях вакол Херсона і Мікалаева і новым наступе на Краматорск».
«Расейскія войскі працягваюць вывад зь Беларусі для перагрупоўкі ў падтрымку апэрацый на ўсходзе Ўкраіны», — дадалі ў выведцы.
Па гуманітарных калідорах ва Ўкраіне 12 красавіка ўдалося эвакуаваць 2671 чалавека
208 чалавек эвакуаваныя з Марыюпалю, 2135 — з гарадоў Запароскай вобласьці, 328 — з гарадоў Луганскай вобласьці, паведаміла віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук. Паводле яе, калёны, якія выехалі з Запарожжа для эвакуацыі людзей зь Бярдзянску, Такмаку і Энэргадару, зноў былі заблякаваныя на блёк-посьце ў вёсцы Васільеўка.
У Марыюпалі цалкам разбураныя 40% шматпавярховікаў, — гарадзкая рада
Гэта жытло 84 тысячы чалавек. Такія лічбы называе Марыюпальская гарадзкая рада. Па яе падліках, на аднаўленьне жыльля ў горадзе спатрэбіцца мінімум 2,3 мільярда даляраў.
ААН: З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 1892 мірныя жыхары
Паводле апошняй пацьверджанай інфармацыі ААН, яшчэ 2558 чалавек параненыя. У штодзённую справаздачу ААН трапляе толькі пацьверджаная інфармацыя аб загінулых, таму ў ёй пакуль не адлюстраваныя зьвесткі аб многіх ахвярах зь цяжкадаступных раёнаў.
У Бучы былі забітыя больш за 400 чалавек, — мэр
Мэр гораду Буча (Кіеўская вобласьць) Анатоль Федарук заявіў 12 красавіка, што па выніках сёньняшняй эксгумацыі другой брацкай магілы колькасьць ахвяраў расейскай акупацыі дасягнула 403 грамадзян, зь якіх 163 ідэнтыфікавалі. Яшчэ 16 мясцовых жыхароў лічацца зьніклымі бязь вестак. Мэр Бучы ня выключыў, што іхныя целы знойдуць менавіта ў лясах, бо сьведкі расказвалі, як расейцы зьбіралі людзей па хатах і вывозілі ў месцы сваёй дысьлякацыі ў лес.
Паводле мэра, у горадзе разбураныя 22 шматпавярховыя будынкі, зь якіх два не падлягаюць аднаўленьню і будуць зьнесеныя, а таксама 243 прыватныя будынкі, якія таксама амаль цалкам зьнішчаныя.
Што вядома пра масавыя згвалтаваньні, якія ўчынілі расейскія вайскоўцы?
Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміла Дзянісава сказала, што пакуль немагчыма палічыць, колькі ўкраінцаў сталі ахвярамі згвалтаваньняў.
«Палічыць, колькі ахвяраў, зараз немагчыма, таму што ёсьць жорстка забітыя ці загінулыя людзі, якія таксама маглі быць ахвярамі гвалту. Іншая гісторыя, калі зараз нам паведамляюць нашы жанчыны, дзяўчаты, хлопцы, іх бацькі аб гвалтоўных дзеяньнях, якія былі супраць іх зьдзейсьненыя. Але гэта толькі малая частка гэтых людзей, якія захацелі расказаць пра гэта, каб ім была аказаная псыхалягічная падтрымка», — сказала Дзянісава.
Украінскі амбудсмэн: расейцы прыцягваюць непаўналетніх украінцаў для перадачы інфармацыі
Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людміла Дзянісава заявіла, што расейскія войскі прыцягваюць непаўналетніх украінцаў для перадачы інфармацыі аб пазыцыях Узброеных сілаў Украіны. Як сьцьвярджае Дзянісава, расейскія войскі прыцягваюць дзяцей праз Тэлеграм і выкарыстоўваюць іх у якасьці шпіёнаў і карэктараў агню. Такія дзеяньні парушаюць канвэнцыю ААН аб правах дзіцяці.
Зяленскі: каб дэблякаваць Марыюпаль, не хапае зброі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце паведаміў, што недахоп паставак зброі не дазваляе пайсьці на вызваленьне Марыюпалю.
Уцекачы ад вайны
Украіну з пачатку вайны пакінулі больш за 4,4 млн чалавек, вынікае са зьвестак на сайце агенцтва ААН у справах уцекачоў на 9 красавіка.
Большасьць зь іх выехалі ў Польшчу — гэта больш за 2,5 млн чалавек. Звыш 671 тысячы чалавек адправіліся ў Румынію, 413 тысяч — у Вугоршчыну, 406 тысячы — у Малдову, 373 тысячы — у Расею, 307 тысяч — у Славаччыну і 19 тысяч — у Беларусь.
На пачатак 2022 году на тэрыторыі Ўкраіны пражываў 41 мільён чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Société Générale і Ericsson сыходзяць з Расеі
Француская фінансавая група Société Générale аб'явіла, што пакідае Расею.
Швэдзкая кампанія Ericsson заявіла, што прыпыніць сваю дзейнасьць у Расеі на няпэўны тэрмін.
Агенцтва S&P панізіла крэдытны рэйтынг Расеі да «выбарачнага дэфолту»
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings панізіла рэйтынг Расеі ў замежнай валюце з CC/C да SD/SD («выбарачны дэфолт»). Рэйтынг у нацыянальнай валюце застаецца на ўзроўні CC/C з нэгатыўным прагнозам.
У паведамленьні S&P зазначаецца, што ў Расеі ёсьць 30 дзён, каб не дапусьціць дэфолту. Аднак агенцтва сумняваецца, што інвэстары змогуць канвэртаваць рублёвыя плацяжы ў даляры з прыбыткам, які быў прадугледжаны.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Паўднёвыя лясы пад забаронай
Міністэрства лясной гаспадаркі забараніла наведваць лясы на поўдні Гомельскай вобласьці. Пад забарону трапілі лясы Брагінскага, Нараўлянскага, Мазырскага і Хойніцкага раёнаў. Менавіта там, як паведамлялася, былі лягеры расейскіх вайскоўцаў.
Некалькі крыніц Свабоды паведамілі, што шмат беларускіх вайскоўцаў цяпер знаходзяцца ў Нароўлі, пад Брагінам і ў Хойніках.
Як рэагуе сьвет
Сусьветны банк дасьць Украіне яшчэ 1,5 мільярда даляраў фінансавай дапамогі
Сусьветны банк адправіць Украіне пакет фінансавай дапамогі на суму 1,5 мільярда даляраў — грошы пойдуць на крытычна важныя паслугі, піша Reuters. Сюды адносяцца пэнсіі, выплаты заробкаў для супрацоўнікаў мэдычных установаў, забесьпячэньне сацыяльных праграм і гэтак далей.
На пачатку сакавіка Сусьветны банк выдзеліў 700 мільёнаў даляраў экстранага фінансаваньня для Украіны, а потым — яшчэ два траншы памерам амаль 200 мільёнаў і 100 мільёнаў даляраў.
Літоўская чыгунка закрыла сваё прадстаўніцтва ў Беларусі і Расеі
Дзяржаўная кампанія «Літоўскія чыгункі» (LTG) ухваліла рашэньне аб закрыцьці прадстаўніцтваў у Расеі і Беларусі. Як паведамляецца на афіцыйным сайце Літоўскай чыгункі, такое рашэньне ўхвалена праз расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.
Паводле часовага кіраўніка LTG Эгідзіюса Лазаўскаса, прадстаўніцтвы былі створаныя «для супрацы і пошуку новых сувязяў», але ў пэрыяд вайны такіх магчымасьцяў не засталося. Папярэдне, працэс ліквідацыі прадстаўніцтваў LTG у Беларусі і Расеі можа заняць ад трох да шасьці месяцаў.
Славаччына перадала Ўкраіне сыстэму СПА С-300
Прэм'ер-міністар Славаччыны Эдуард Гэгер пацьвердзіў, што Славаччына перадала Ўкраіне сыстэму супрацьпаветранай абароны С-300. Пра гэта ён паведаміў у Twitter. «Украінскі народ мужна абараняе сваю сувэрэнную дзяржаву і нас таксама», — дадаў ён.
Байдэн падпісаў два законапраекты, якія ўводзяць дадатковыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі
Абодва законы зьвязаныя з агрэсіяй Расеі ва Ўкраіне. Пазбаўленьне Беларусі і Расеі статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі на практыцы дазваляе ўвесьці вышэйшыя тарыфы на імпарт зь дзьвюх гэтых краін. Напярэдадні законапраекты ўхваліў амэрыканскі Кангрэс.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.