Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі ацаніў колькасьць ахвяраў у блякадным Марыюпалі ў дзясяткі тысяч чалавек. 47-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Людзі ратуюцца з заблякаванага Расеяй Марыюпалю, 10 красавіка 2022 г.
Людзі ратуюцца з заблякаванага Расеяй Марыюпалю, 10 красавіка 2022 г.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 4 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Зяленскі заявіў пра дзясяткі тысяч загінулых у аточаным расейцамі Марыюпалі, дзе ідуць баі.
  • Расейскія ракетныя атакі зьнішчылі міжнародны аэрапорт у Дніпры.
  • Спадарожнікавыя здымкі ад 8 красавіка зафіксавалі рух буйной расейскай калёны ў бок Харкава.
  • Херсонцы зноў выйшлі на мітынг за Ўкраіну.
  • У вёсцы Бузавая, у Кіеўскай вобласьці, знайшлі брацкую магілу зь целамі дзясяткаў цывільных асобаў.
  • ААН пацьвердзіла гібель амаль 1800 мірных жыхароў падчас вайны Расеі супраць Украіны.
  • Сярод загінулых, паводле зьвестак ААН, 142 дзіцяці (зьвесткі Генпракуратуры Ўкраіны на раніцу 10 красавіка кажуць пра гібель 177 дзяцей).

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 11 красавіка

Зяленскі: у Марыюпалі дзясяткі тысяч ахвяр сярод мірных жыхароў

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў выніку абстрэлаў Марыюпалю (Данецкая вобласьць) горад цалкам зьнішчаны, а сярод загінулых — «дзясяткі тысяч» мірных жыхароў.

«Усё, што ёсьць у горадзе Марыюпаль, зруйнавана. Там дзясяткі тысяч загінулых, але нават нягледзячы на гэта расейцы не спыняюць наступальнай апэрацыі. Яны хочуць зрабіць так, каб Марыюпаль быў паказальна зьнішчаны», — заявіў Уладзімір Зяленскі 11 красавіка ў часе свайго выступу перад парлямэнтам Паўднёвай Карэі.

Падчас ягонага выступу ў парлямэнце Паўднёвай Карэі прадэманстравалі відэазапіс, у якім паказалі параненых і забітых жыхароў гораду, у тым ліку дзяцей, якіх не змаглі ўратаваць з выкарыстаньнем рэанімацыйных сродкаў.

Ва Ўкраіне ад пачатку расейскага ўварваньня пацярпелі больш як 525 дзяцей, зь іх 183 загінулі

Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў пра гібель 183 дзяцей ад пачатку расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю, яшчэ 342 атрымалі раненьні.

«Гэтыя лічбы не канчатковыя, бо вядзецца праца па іх вызначэньні ў месцах актыўных баявых дзеяньняў, а таксама на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях», — адзначылі ў пракуратуры.

Найбольш дзяцей пацярпелі ў Данецкай, Кіеўскай, Харкаўскай, Чарнігаўскай, Мікалаеўскай, Луганскай, Запароскай, Херсонскай, Сумскай і Жытомірскай абласьцях, а таксама ў Кіеве.

Расейцы зьнішчылі ў Дніпры міжнародны аэрапорт

Ракетнымі ўдарамі расейскіх войскаў па горадзе Дніпры цалкам зьнішчаны міжнародны аэрапорт. Пра гэта паведаміла спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцю ўпраўленьня Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый у Днепрапятроўскай вобласьці Дар’я Цуркань.

Паводле яе, першы ўдар быў нанесены ў 10:00, другі пазьней, калі там тушылі пажар, каля 12:00. Паранены шасьцёра супрацоўнікаў ратавальнай службы. Адзін у вельмі цяжкім стане.

«Як і абяцаў, удакладняю аб апошніх „прылётах“. У нас шасьцёра параненых ратавальнікаў. Яны знаходзяцца ў лякарнях. Адна дзяўчына цяжкая, яе зараз апэруюць. Падразьдзяленьне ратавальнікаў трапіла пад варожы ракетны абстрэл, калі разьбірала завалы на месцы ранішняй атакі», — напісаў у сваім тэлеграм-канале старшыня Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка.

Расейскія вайскоўцы ўпершыню атакавалі аэрапорт у Дніпры ў ноч з 14 на 15 сакавіка.

Улады Кіеўшчыны папярэджваюць пра небясьпеку вяртаньня. Прычына — міны

За мінулы тыдзень у Кіеўскай вобласьці абясшкодзілі 11 тысяч боепрыпасаў, пакінутых расейскімі агрэсарамі. Пра гэта ў этэры тэлемаратону адзіных навін паведаміў кіраўнік Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Паўлюк, перадае Укрінформ.

«Вялікая небясьпека для людзей. Толькі за гэты тыдзень абясшкоджана каля 11 тысяч боепрыпасаў. Гэта неразарваныя боепрыпасы і пасткі і расьцяжкі. Шмат „сюрпрызаў“ пакідаюць для нас расейцы ў гарадах, адкуль яны выходзяць. Гэта трэба дужа пільна правяраць. Толькі тады мы зможам даць людзям доступ да іхных аб’ектаў», — сказаў Паўлюк.

Ён дадаў, што людзей, якія вяртаюцца ў свае дамы, будуць прапускаць праз кантрольна-прапускныя пункты, але ўлады пры гэтым не гарантуюць, што вяртаньне будзе бясьпечным.

Уцекачы ад вайны

Украіну з пачатку вайны пакінулі больш за 4,4 млн чалавек, вынікае са зьвестак на сайце агенцтва ААН у справах уцекачоў на 9 красавіка.

Большасьць зь іх выехалі ў Польшчу — гэта больш за 2,5 млн чалавек. Звыш 671 тысячы чалавек адправіліся ў Румынію, 413 тысяч — у Вугоршчыну, 406 тысячы чалавек — у Малдову, 373 тысячы — у Расею, 307 тысяч — у Славаччыну і 19 тысяч — у Беларусь.

На пачатак 2022 году на тэрыторыі Ўкраіны пражываў 41 мільён чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Société Générale і Ericsson сыходзяць з Расеі

Француская фінансавая група Société Générale аб'явіла, што пакідае Расею.

Швэдзкая кампанія Ericsson заявіла, што прыпыніць сваю дзейнасьць у Расеі на няпэўны тэрмін.

Агенцтва S&P панізіла крэдытны рэйтынг Расеі да «выбарачнага дэфолту»

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings панізіла рэйтынг Расеі ў замежнай валюце з CC/C да SD/SD («выбарачны дэфолт»). Рэйтынг у нацыянальнай валюце застаецца на ўзроўні CC/C з нэгатыўным прагнозам.

У паведамленьні S&P зазначаецца, што ў Расеі ёсьць 30 дзён, каб не дапусьціць дэфолту. Аднак агенцтва сумняваецца, што інвэстары змогуць канвэртаваць рублёвыя плацяжы ў даляры з прыбыткам, які быў прадугледжаны.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

JYSK прыпыняе працу ў Беларусі

Дацкая кампанія JYSK (тавары для дому) прыпыніла працу крамаў і сайта ў Беларусі з 18 красавіка. У Беларусі ёсьць 10 крамаў JYSK. Раней дацкі рытэйлер сышоў з расейскага рынку. У беларускіх крамах JYSK сабраліся чэргі.

Як рэагуе сьвет

Літоўская чыгунка закрыла сваё прадстаўніцтва ў Беларусі і Расеі

Дзяржаўная кампанія «Літоўскія чыгункі» (LTG) ухваліла рашэньне аб закрыцьці прадстаўніцтваў у Расеі і Беларусі. Як паведамляецца на афіцыйным сайце Літоўскай чыгункі, такое рашэньне ўхвалена праз расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.

Паводле часовага кіраўніка LTG Эгідзіюса Лазаўскаса, прадстаўніцтвы былі створаныя «для супрацы і пошуку новых сувязяў», але ў пэрыяд вайны такіх магчымасьцяў не засталося. Папярэдне, працэс ліквідацыі прадстаўніцтваў LTG у Беларусі і Расеі можа заняць ад трох да шасьці месяцаў.

Славаччына перадала Ўкраіне сыстэму СПА С-300

Прэм'ер-міністар Славаччыны Эдуард Гэгер пацьвердзіў, што Славакія прадаставіла Ўкраіне сыстэму супрацьпаветранай абароны С-300. Пра гэта ён паведаміў у Twitter. «Украінскі народ мужна абараняе сваю сувэрэнную дзяржаву і нас таксама», — дадаў ён.

Байдэн падпісаў два законапраекты, якія ўводзяць дадатковыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі

Абодва законы зьвязаныя з агрэсіяй Расеі ва Ўкраіне. Пазбаўленьне Беларусі і Расеі статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі на практыцы дазваляе ўвесьці вышэйшыя тарыфы на імпарт зь дзьвюх гэтых краін. Напярэдадні законапраекты ўхваліў амэрыканскі Кангрэс.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG