Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяжка камэнтаваць трызьненьне». Украінскі амбасадар у Менску адрэагаваў на абвінавачаньні КДБ


Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім
Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім

23 сакавіка беларускі бок абвясьціў аб скарачэньні складу пасольства Ўкраіны ў Менску і закрыцьці консульства Ўкраіны ў Берасьці.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім назваў «трызьненьнем» абвінавачаньні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі на адрас украінскага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў спробе сфармаваць «разгалінаваную сетку інфарматараў» і «асабістым» зьбіраньні дыпляматамі «выведных зьвестак» аб беларускіх вайсковых аб’ектах.

Паводле амбасадара, КДБ за дзень да ягонага выкліку ў МЗС Беларусі заявіў аб «скоўваньні выведнай дзейнасьці праціўніка і ліквідацыі рэзыдэнтуры, якая дзейнічала пад дыпляматычным прыкрыцьцём».

«Цяжка камэнтаваць трызьненьне, але агучаная «ліквідацыя» нават у мяне, чалавека, які звык да правакацыяў, выклікала зьдзіўленьне. Многія, хто мне тэлефанаваў, пыталі: вы там яшчэ жывыя? Найбольш цікава, што пра «ліквідацыю» было заяўлена яшчэ за дзень да таго, як мяне выклікалі ў МЗС, каб прапанаваць большай частцы супрацоўнікаў пасольства пакінуць Беларусь цягам 72 гадзін. Гэта значыць, калі выказаць здагадку, што «ліквідацыя» азначала высылку 80% супрацоўнікаў пасольства, то яны яшчэ пасьпяхова «выведвалі» чацьвёра содняў, — дадаў амбасадар.

Паводле яго, у гэты шэраг запісалі афіцыйных прадстаўнікоў Міністэрства абароны, СБУ, памежнай службы і нават супрацоўнікаў аховы амбасады.

«Уся справа зроблена настолькі хутка і нязграбна, што і камэнтаваць асабліва няма чаго. Нават паездка консула ў Гомель, дзе ён наведваў нашых грамадзян, якія ўцяклі з Украіны ад расейскіх бамбаваньняў у Беларусь, была прадстаўлена як „выведная апэрацыя“, а паездка „задакумэнтаваная“». Увогуле, усё гэта даволі прымітыўна для арганізацыі з такою страшнаю з часоў СССР назваю. Напэўна, трэба перагледзець яшчэ раз «Сямнаццаць імгненьняў вясны», — дадаў украінскі амбасадар.

Асобную ўвагу Ігар Кізім зьвярнуў на камэнтар беларускіх прапагандыстаў, якія заявілі, што «раскрытая агентурная сетка ва ўкраінскай амбасадзе пацьвярджае агрэсіўныя намеры Польшчы і, у цэлым, NATO па разьвязаньні трэцяй усясьветнай вайны».

«Выяўляецца, гэта Польшча ва ўсім вінаватая. Дык, можа, такім чынам Беларусь адпомсьціла за 40 расейскіх дыпляматаў, якіх выслалі з Варшавы? Тады хаця б станавіцца зразумелай і прычына, і на чыю ўказку беларускія ўлады папрасілі супрацоўнікаў украінскай дыпляматычнай місіі пакінуць краіну. Відавочна, што ні да чаго добрага гэта не прывядзе. Асабліва калі ўлічыць, што сёньня, калі ўсе беларускія дыпляматы зьехалі з Украіны, мы дапамагаем вяртацца на радзіму беларусам, якія апынуліся ў складаным становішчы ва Ўкраіне. Відавочна, што зараз гэта будзе рабіць цяжэй нават тэхнічна. Бо „зьліквідавалі“ тых, хто займаўся консульскімі, гуманітарнымі, памежнымі пытаньнямі і меў непасрэднае дачыненьне да такой дапамогі», — падкрэсьліў пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

22 сакавіка агенцтва БелТА паведаміла, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі абвінаваціў украінскіх дыпляматаў у Менску ў працы на выведку.

23 сакавіка беларускі бок абвясьціў аб скарачэньні складу пасольства Ўкраіны ў Менску і закрыцьці консульства Ўкраіны ў Берасьці.

24 сакавіка Міністэрства замежных справаў Украіны накіравала МЗС Беларусі афіцыйную ноту аб рашэньні ўкраінскага боку скараціць колькасьць пэрсаналу амбасады Беларусі ва Ўкраіне да пяці чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG