Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для магчымай сустрэчы Папы і патрыярха Маскоўскага шукаюць «нэўтральную зямлю»


Папа Францішак паказвае сьцяг, прывезены яму з Бучы, падчас штотыднёвай агульнай аўдыенцыі. Ватыкан, 6 красавiка 2022
Папа Францішак паказвае сьцяг, прывезены яму з Бучы, падчас штотыднёвай агульнай аўдыенцыі. Ватыкан, 6 красавiка 2022

Сустрэча папы рымскага Францішка і патрыярха Маскоўскага Кірыла ўсё ж можа адбыцца, паведаміў журналістам 9 красавіка дзяржаўны сакратар Сьвятога пасаду кардынал П’етра Паралін.

«Пачалі рэалізоўвацца некаторыя пляны, — цытуе каталіцкага герарха партал навін Ватыкана. — Наколькі я разумею, падрыхтоўка ідзе».

Паралін паведаміў, што цяпер «вядзецца пошук нэўтральнай зямлі» для магчымай сустрэчы пантыфіка з прадстаяцелем Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ). «Гэта ўмова», — падкрэсьліў дзяржсакратар Сьвятога пасаду.

Ён таксама ня выключыў магчымасьць паездкі Папы ў Кіеў. Аднак у Ватыкане працягваецца ацэнка яе «наступстваў». Гэта датычыцца і адносін з Рускай Праваслаўнай Царквой, якія герарх назваў «далікатнымі».

Падчас пералёту з Мальты ў Рым 3 красавіка папа Францішак паведаміў журналістам, што «некаторы час разглядалася сустрэча з патрыярхам Кірылам». «Мы над ёй працуем, працуем і думаем пра Блізкі Ўсход як месца сустрэчы, такая цяпер рэальнасьць», — адзначыў пантыфік.

У сярэдзіне лютага старшыня Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату РПЦ мітрапаліт Валакаламскі Іларыён заявіў аб падрыхтоўцы другой сустрэчы патрыярха Маскоўскага Кірыла і папы рымскага Францішка. Было заяўлена, што сустрэча можа адбыцца ў чэрвені ці ліпені.

24 лютага Расея ўварвалася ва Ўкраіну. Неўзабаве пасьля гэтага прадстаўнікі Сьвятога пасаду адназначна асудзілі расейскую ваенную агрэсію і прапанавалі пасярэдніцтва ва ўрэгуляваньні канфлікту, у той час як кіраўніцтва РПЦ некалькі разоў наўпрост ці ўскосна апраўдала разьвязаную РФ вайну супраць Украіны.

9 сакавіка кардынал Паралін заявіў, што словы кіраўніка РПЦ пра вайну ва Ўкраіне «не спрыяюць згодзе, а хутчэй нясуць рызыку далейшага разагрэву настрояў і эскаляцыі, а ня мірнага вырашэньня крызісу».

Тады ж каталіцкі герарх паведаміў, што цяпер няма магчымасьці правесьці сустрэчу паміж папам Францішкам і патрыярхам Кірылам, у тым ліку «з прычыны напружанасьці паміж цэрквамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG