Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Нямеччыны заклікаў да суду над Пуціным і Лаўровым за ваенныя злачынствы ва Ўкраіне


Франк-Вальтэр Штайнмаер
Франк-Вальтэр Штайнмаер

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў пра неабходнасьць прыцягнуць да адказнасьці ўсіх, хто мае дачыненьне да ваенных злачынстваў ва Ўкраіне, у тым ліку палітычнае кіраўніцтва Расеі

Як заявіў Штайнмаер у інтэрвію Der Spiegel, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў павінны адказваць перад Міжнародным крымінальным судом у Гаазе.

Ён падкрэсьліў, што ўсе вайскоўцы, якія ўчыняюць злачынствы ва Ўкраіне, тыя, хто аддаваў ім загады, а таксама тыя, хто нясе за гэта палітычную адказнасьць, у тым ліку Лаўроў і Пуцін, павінны быць пакараныя. Штайнмаер згадаў масавыя забойствы ў Бучы пад Кіевам, кажучы, што кадры адтуль «жахлівыя і невыносныя».

Der Spiegel паведаміў 7 красавіка, што нямецкая выведка перахапіла радыёперамовы паміж расейскімі салдатамі, якія абмяркоўвалі забойствы мірных жыхароў у Бучы.

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе ўжо пачаў расьсьледаваньне ваенных злачынстваў, учыненых ва Ўкраіне. Расея, аднак, не супрацоўнічае з судом. Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў напярэдадні заявіў у інтэрвію Sky News, што выключае магчымасьць таго, каб Пуцін паўстаў перад міжнародным трыбуналам.

Па словах Штайнмаера, ён ня мог сабе ўявіць, што прэзыдэнт Расеі ў сваім «імпэрскім вар’яцтве» пойдзе на рызыку палітычнага, эканамічнага і маральнага краху сваёй краіны.

У апошнія дні на фоне крытыкі ў ягоны адрас дзейны прэзыдэнт і былы міністар замежных спраў Нямеччыны неаднаразова рабіў заявы, у якіх прызнаваў свае памылкі ў ранейшай палітыцы ў дачыненьні да Расеі. У прыватнасьці, яго крытыкавалі за падтрымку Nord Stream 2 і кампрамісную пазыцыю па Данбасу.

7 красавіка двое былых нямецкіх чыноўнікаў падалі ў фэдэральную пракуратуру дакумэнты аб распачынаньні расьсьледаваньня ваенных злачынстваў, учыненых падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, супраць расейскіх чыноўнікаў, у тым ліку прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

Былая міністарка юстыцыі Забіне Лойтхойзер-Шнарэнбергер і былы міністар унутраных спраў Герхард Баўм заявілі, што хочуць выкарыстаць нямецкія законы, якія дазваляюць перасьледаваць цяжкія злачынствы, учыненыя за мяжой, каб прыцягнуць да адказнасьці тых, каго яны лічаць вінаватымі ў зьверствах ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG