Падзеі 5 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
5 красавіка 1793 году ў вёсцы Паланечцы пад Баранавічамі нарадзіўся Канстанцін Радзівіл, палітычны дзяяч і мэцэнат, адзін зь першых беларускіх фальклярыстаў. Канстанцін Радзівіл сабраў вялізную бібліятэку, калекцыю твораў мастацтва, запісваў мясцовыя гаворкі і зьбіраў фальклёр.
Комплекс будынкаў былога палаца Радзівілаў у вёсцы Паланечка Баранавіцкага раёну прадалі 4 сьнежня 2020 году на аўкцыёне за 20 160 рублёў. Яго набыў адзіны ўдзельнік таргоў — індывідуальны прадпрымальнік зь Менску.
Новы ўласьнік плянуе аднавіць княскую сядзібу. У комплекс будынкаў уваходзяць двухпавярховы капітальны будынак плошчай 1,6 тыс. кв.м, пабудаваны ў 1836 годзе, сталоўка з трыма прыбудовамі й кацельня. Зямельны ўчастак плошчай 3,3 га выдаецца ў арэнду тэрмінам на 50 гадоў.
Таксама ў гэты дзень
1972 — створаны Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік у Вязынцы. Гэта адбылося пасьля аб’яднаньня вёсак Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі ў адну вёску Вязынка ў гонар 90-годзьдзя Янкі Купалы.
1990 — Вярхоўны Савет БССР абвясьціў 26 красавіка днём Чарнобыльскай трагедыі.
1992 — Босьнія і Герцагавіна заявілі пра выхад зь Югаславіі, пачалася аблога Сараева.
1996 — КДБ Беларусі арыштаваў паэта Славаміра Адамовіча за ягоны верш «Убей президента», зьмешчаны ў віцебскай газэце «Выбар».
У гэты дзень нарадзіліся
1908 — Гербэрт фон Караян, аўстрыйскі дырыгент.
У памяці
2005 — Сол Бэлаў, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1976 году.