«На працягу апошніх тыдняў Wargaming праводзіў стратэгічны аналіз бізнес-апэрацый па ўсім сьвеце. Кампанія вырашыла, што ня будзе валодаць або кіраваць бізнэсам у Расеі і Беларусі і пакіне абедзьве краіны», — гаворыцца ў паведамленьні.
З 31 сакавіка кампанія перадала гульнявы бізнэс у Расеі і Беларусі пад кіраваньне Lesta Studio, якая больш не зьвязаная з Wargaming. На працягу пераходнага пэрыяду дзейныя прадукты застануцца даступнымі ў Расеі і Беларусі і будуць кіравацца новым уладальнікам.
«Кампанія не атрымае прыбытку ад гэтага працэсу ні сёньня, ні ў будучыні. Наадварот, мы чакаем значных страт у выніку гэтага рашэньня», — заявілі ў кампаніі.
Кампанія Wargaming заснаваная ў Менску, а цяпер афіцыйна зарэгістраваная на Кіпры. У менскім офісе кампаніі працуюць некалькі тысяч чалавек.