Папярэднія вынікі паказалі, што за «Фідэс» і саюзьнікаў з Хрысціянска-дэмакратычнай народнай партыі прагаласавалі больш за 67 працэнтаў грамадзян. За шасьціпартыйны апазыцыйны альянс «Абʼяднаньне за Вугоршчыну» свае галасы аддалі больш за 31 працэнт выбаршчыкаў.
У парлямэнце 199 месцаў. Па папярэдніх дадзеных, партыя Орбана з саюзьнікамі прэтэндуюць на 134 мандаты, апазыцыя — на 58. Яўка на выбарах перавысіла 63 працэнты.
Адначасова з парлямэнцкімі выбарамі ў Вугоршчыне праходзіў рэфэрэндум аб стаўленьні да ЛГБТ і сэксуальнай асьветы ў адукацыі.
Большасьць тых, хто прагаласаваў на рэфэрэндуме, у прыватнасьці, выказаліся супраць правядзеньня заняткаў па сэксуальнай арыентацыі ў школах без згоды бацькоў, а таксама супраць зьмены полу для непаўналетніх.
Прэмʼер-міністра Віктара Орбана і яго партыю абвінавачваюць у супрацоўніцтве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, якое не перапынілася і пасьля пачатку вайны на тэрыторыі Ўкраіны, а таксама ў карупцыі, аўтарытарызме і эканамічным папулізме. Орбан і «Фідэс» настойваюць, што дораць краіне мір і стабільнасьць.