Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International пра Беларусь: абмежаваньне свабоды сходаў, катаваньні, палітычныя перасьледы і суды


Затрыманыя падчас разгону пратэстаў у 2020 годзе
Затрыманыя падчас разгону пратэстаў у 2020 годзе

Асобны разьдзел «Дакладу Amnesty International 2021/22: Правы чалавека ў сучасным сьвеце» апісвае абмежаваньне свабоды мірных сходаў, катаваньні, палітычны перасьлед і суды ў Беларусі. 

У дакладзе адзначаецца, што пасьля спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году і адмовы Эўразьвязу, ЗША і яшчэ шэрагу краін прызнаць Аляксандра Лукашэнку абраным прэзыдэнтам краіна апынулася ва ўсё большай міжнароднай ізаляцыі, а супраць яе кіраўніцтва ўведзеныя дадатковыя санкцыі.

Улады Беларусі спрыялі транзыту ў краіну людзей зь дзяржаваў, якія генэруюць плынь уцекачоў і мігрантаў, а затым выціскалі іх на межы ЭЗ, тым самым увасабляючы пагрозу Аляксандра Лукашэнкі, які заяўляў, што Менск «ня будзе абараняць» ЭЗ ад уцекачоў. Рэгулярна гучалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі ў перасьледзе дысыдэнтаў за мяжой, аж да арганізацыі забойстваў.

Каля паловы насельніцтва прайшло вакцынацыю ад каранавірусу, у тым ліку каля 40% атрымалі другую дозу вакцыны; колькасьць даступных дозаў вакцыны перавысіла попыт на вакцынацыю. Лічба афіцыйна зарэгістраваных выпадкаў сьмерці, зьвязаных з каранавірусам, перасягнула 5500, аднак рэальная колькасьць магла быць значна вышэйшай праз наўмыснае заніжэньне статыстыкі, брак свабодных СМІ і незалежных мэдычных назіральнікаў, а таксама перасьледу тых, хто выкрываў парушэньні.

Свабода выказваньня думак

Свабода выказваньня думак па-ранейшаму сурова абмяжоўвалася. Дзясяткі незалежных журналістаў і блогераў асуджаныя на пазбаўленьне волі. Заблякаваныя за незалежнае асьвятленьне сытуацыі больш за 480 сайтаў (у тым ліку найбуйнейшых нацыянальных і міжнародных СМІ) і звыш 400 тэлеграм-групаў, а некаторыя рэсурсы прызнаныя «экстрэмісцкімі» і забароненыя.

Дзясяткі беларусаў адправілі за краты за абразу прадстаўнікоў уладаў і прэзыдэнта, што прызнаецца крымінальным злачынствам.Узмацніліся рэпрэсіі супраць незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасьці. Толькі 22 ліпеня былі зьліквідаваныя 53 няўрадавыя арганізацыі. Да канца году звыш 270 арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці былі адвольна распушчаныя або знаходзіліся ў працэсе прымусовага закрыцьця.У лютым прайшлі ператрусы ў менскім офісе вядомай праваабарончай арганізацыі «Вясна», а ў сакавіку супраць «Вясны» беспадстаўна распачалі крымінальную справу. Пяцёра яе супрацоўнікаў пад арыштам.

Свабода сходаў

У краіне фактычна захоўвалася забарона на мірныя пратэсты, а ўдзельнікам пагражаў адміністрацыйны арышт да 15 дзён або буйны штраф. Паводле «Вясны», больш за 900 чалавек прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці ў палітычна матываваных справах.

Катаваньні, іншыя віды жорсткага абыходжаньня

Катаваньні ды іншыя віды жорсткага абыходжаньня мелі сыстэмны характар, чыніліся масава і абсалютна беспакарана.Абыходжаньне з суджанымі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе было асабліва суровае, ім наўмысна стваралі вельмі цяжкія ўмовы ў турме.

У траўні ў калёніі ў Шклове раптоўна памёр мірны апазыцыйны актывіст Вітольд Ашурак, які адбываў там прысуд пяці гадоў зьняволеньня. Улады адмовіліся расьсьледаваць яго сьмерць як падазроную і апублікавалі відэазапіс — відавочна змантаваны — на якім бачна, як Вітольд Ашурак ідзе і раптоўна падае ў пустой камэры.

Несправядлівыя судовыя разгляды

Судзьдзі дэманстравалі відавочную перадузятасьць на карысьць абвінавачаньня і праваахоўных органаў. Апошнія былі інструмэнтам для завядзеньня беспадстаўных крымінальных і адміністрацыйных справаў і забесьпячэньня неабходных «доказаў» на судовых працэсах. Закрытыя слуханьні сталі нормай у палітычна матываваных крымінальных справах: грыф сакрэтнасьці накладалі на матэрыялы справы цалкам, а з адвакатаў звычайна бралі падпіску аб невыдаваньні, парушэньне якой пагражала сур’ёзнаю караю.

Паводле зьвестак праекту «Права на абарону» (Defenders.by), з лютага па жнівень былі пазбаўленыя ліцэнзій або не прайшлі атэстацыю больш за 30 адвакатаў, якія абаранялі ахвяраў палітычна матываваных перасьледаў або ўдзельнічалі ў мірных пратэстах. У лістападзе новы закон узмацніў кантроль Міністэрства юстыцыі над прадстаўнікамі юрыдычнай прафэсіі, што разам са зьяўленьнем іншых нормаў прывяло да таго, што за пэрыяд са студзеня па лістапад колькасьць ліцэнзаваных адвакатаў зьнізілася на 7%.

Правы дзяцей

У сыстэме крымінальнага правасудзьдзя ўвесь час парушаліся правы дзяцей.
Пасьля акцыяў пратэсту былі затрыманыя прынамсі 10 непаўналетніх удзельнікаў і адзін блогер. У 2021 годзе суды на закрытых палітычна матываваных працэсах вынесьлі ўсім ім прысуды пазбаўленьня волі. Траім зь іх споўнілася 18 гадоў толькі ў 2021 годзе, калі яны чакалі суду, але судзілі іх ужо як дарослых.Многія скардзіліся на катаваньні пад вартай.

Дзяцей саджалі ў турму за дробныя, негвалтоўныя правапарушэньні, зьвязаныя з распаўсюджваньнем наркотыкаў, і прыгаворвалі да тэрмінаў ад сямі да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Колькі такіх прысудаў было ў 2021 годзе, невядома, аднак, паводле словаў прадстаўніка праваахоўных органаў, іх пабольшала.

Сьмяротнае пакараньне

Суды працягвалі выносіць сьмяротныя прысуды, якія прыводзілі ў выкананьне сакрэтна. Памілаваныя браты Станіслаў і Ільля Косьцевы, якім было крыху больш за 20 гадоў. Суд прысудзіў ім сьмяротнае пакараньне ў 2020 годзе. Гэта ўсяго другі выпадак памілаваньня сьмяротнікаў з моманту абвяшчэньня Беларусьсю незалежнасьці.

Права на здароўе

Сыстэма аховы здароўя не спраўлялася з нагрузкай, якая ўзрасла з пандэміяй. Сытуацыя пагаршалася жорсткімі рэпрэсіямі: адвольнымі звальненьнямі і завядзеньнем крымінальных справаў супраць мэдыкаў, якія падтрымлівалі мірныя пратэсты ў 2020 годзе альбо расказвалі пра жорсткасьць і маштабы гвалту над пратэстоўцамі з боку праваахоўнікаў.Падобныя меры паўплывалі на якасьць і даступнасьць мэдычнай дапамогі. У Горадні незалежны дзіцячы госьпіс, які існаваў на прыватныя ахвяраваньні, быў зьліквідаваны праз тое, што яго дырэктар выказала салідарнасьць з пасьлявыбарчымі пратэстамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG