Пра тое, як малады службовец спрабуе «разбурыць онлайн-Расею», піша The Washington Post.
Празь некалькі тыдняў пасьля ўварваньня Расеі наймаладзейшы міністар Украіны падаў скаргу кітайскай кампаніі DJI, якая вырабляе бесьпілётнікі, сьцьвярджаючы, што расейскія вайскоўцы выкарыстоўваюць яе папулярныя тэхналёгіі для навядзеньня ракетных удараў.
«@DJIGlobal, вы ўпэўненыя, што хочаце быць саўдзельнікам гэтых забойстваў?» — напісаў у твітэры міністар Фёдараў. «Заблякуйце свае прадукты, якія дапамагаюць Расеі забіваць украінцаў!», — дадаў ён.
Раней DJI стараўся трымацца далей ад геапалітыкі, зважаючы на тое, што Кітай захоўвае пракрамлёўскі ўхіл падчас вайны ва Ўкраіне. Аднак кампанія адказала на працягу некалькіх гадзін, прапанаваўшы паспрабаваць заблякаваць палёты дронаў, усталяваўшы геазоны па ўсёй краіне.
Адным твітам Фёдараў атрымаў яшчэ адну перамогу.
Дзякуючы такім онлайн-манэўрам віцэ-прэмʼер ператварыўся ў аднаго з самых прыкметных лідэраў Украіны, які абʼядноўвае глябальныя тэхналягічныя кампаніі і мясцовыя рэсурсы ў канфлікце, які ён пачаў называць «Першай сусьветнай кібэрвайной».
Фёдараў праславіўся, выкарыстоўваючы свой твітэр як прыладу ціску на Apple, Facebook і іншыя кампаніі з мэтай стварэньня «лічбавай блякады» супраць Расеі. Аднак вайна зацягнулася, і тактыка Фёдарава цяпер ператвараецца ў магутны закулісны наступ.
У апошнія тыдні міністэрства Фёдарава разгарнула шырокую інфармацыйную кампанію, разаслаўшы больш за 4000 запытаў кампаніям (кожны зь якіх падпісаў ён асабіста), урадам і іншым арганізацыям.
Лічбавая ваенная машына
Паводле Міхаіла, яго офіс падтрымлівае сувязь з тысячамі кіраўнікоў невялікіх прадпрыемстваў. І пакуль амэрыканскія кампаніі абмяжоўваюць бізнэс у Расеі ва ўмовах грамадзкага ціску і санкцыяў, каманда Фёдарава засяродзілася на канкрэтным хаўрусьніку =Расеі — буйных кітайскіх кампаніях, такіх як DJI і Alipay. Менавіта яны застаюцца адной з надзеяў Расеі на зьмякчэньне ўзьдзеяньня шырокіх эканамічных санкцыяў Захаду.
Некалі бюракратычны офіс Фёдарава сёньня працуе як лічбавая ваенная машына.
Адпраўляючы паведамленьні ў Twitter і Telegram, міністэрства маладога чыноўніка набірае «ІТ-армію» для адбіцьця расейскіх кібэратакаў і вядзеньня лічбавых бітваў.
Раней міністэрства Фёдарава стварыла аплікацыі для выкананьня дзяржаўных паслуг, аднак, улічваючы сёньняшнюю сытуацыю, хутка перапрацавала іх. Інструмэнт, які выкарыстоўвалі ў мірны час для рэгістрацыі аўтамабіляў і доступу да іншых урадавых дакумэнтаў, цяпер дазваляе ўкраінцам атрымліваць сродкі на перамяшчэньне і адсочваць рухі расейскіх войскаў.
Кампаніі ціску Фёдарава прывялі да заўважных (і публічных) перамог.
Так, буйныя амэрыканскія кампаніі, у тым ліку Microsoft, Amazon і Apple, пачалі абмяжоўваць продажы новых прадуктаў у Расеі. Перапісваючыся з Ілонам Маскам, Фёдараў адыграў важную ролю ў дастаўцы ва Ўкраіну тэрміналаў спадарожнікавай сеткі Starlink.
Нягледзячы на новыя абавязкі, Фёдараў па-ранейшаму адданы сваёй звычайнай дзяржаўнай працы і з глыбокім аптымізмам глядзіць на баявыя пэрспэктывы Ўкраіны. Ён часта казаў аб сваіх надзеях на мірны час, заклікаючы Facebook і YouTube адкрыць новыя тэхналягічныя офісы ва Ўкраіне «пасьля таго, як гэта скончыцца».
Украінскія кібэрвойскі пайшлі ў контрнаступ
Вайна прымусіла Фёдарава ўзяць на сябе новыя абавязкі, у тым ліку набраць войска ІТ-добраахвотнікаў, каб дапамагчы Ўкраіне ў барацьбе з буйнымі расейскімі вэб-сайтамі. Фёдараў кажа, што міністэрства цяпер мае ў сваім распараджэньні «велізарны набор інструмэнтаў» і што валянтэры з розным наборам навыкаў працуюць «вельмі скаардынавана», каб «разбурыць онлайн-Расею».
«Я думаю, што іхныя кібэрстраты будуць расьці да таго часу, пакуль іх танкі, нарэшце, не пакінуць Украіну і не перастануць забіваць украінцаў», — сказаў ён.
Як паведамляе выданьне The Post, экспэрты ў кібэрбясьпецы разыходзяцца ў думках, ці маюць права добраахвотнікі праводзіць наступальныя кібэратакі супраць Расеі.
Аднак Фёдараў сказаў, што ўкраінскі ўрад нарошчваў сваю кібэрзброю яшчэ да вайны, заявіўшы, што краіна супрацьстаяла «няспынным атакам» з боку Расеі цягам двух з паловай гадоў ягонай службы на пасадзе міністра лічбавых тэхналёгіяў. У выніку вайна прымусіла зьмяніць стратэгію.
«Калі пайшлі танкі, калі самалёты пачалі скідаць бомбы, а крылатыя ракеты пачалі ўзрываць нашыя дамы, мы зразумелі, што трэба пераходзіць у контранаступ», — сказаў Міхаіл Фёдараў.