Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры краіны ЭЗ выдвараюць вялікую групу расейскіх дыпляматаў


Пратэст супраць нападу Расеі на Ўкраіну перад расейскай амбасадай у Брусэлі, 26 сакавіка 2022 году
Пратэст супраць нападу Расеі на Ўкраіну перад расейскай амбасадай у Брусэлі, 26 сакавіка 2022 году

Чатыры краіны ЭЗ — Нідэрлянды, Бэльгія, Ірляндыя і Чэхія — абвясьцілі 29 сакавіка аб высылцы вялікай групы расейскіх дыпляматаў, западозраных у шпіёнскай дзейнасьці.

Як паведаміла Міністэрства замежных спраў Нідэрляндаў, з краіны высылаюцца 17 агентаў расейскай выведкі, якія былі акрэдытаваны як дыпляматы ў розных расейскіх прадстаўніцтвах. У Амстэрдаме спаслаліся на інфармацыю ад уласных спэцслужбаў. Міністар замежных спраў Вопке Густра падкрэсьліў, што ўрад гатовы да любых крокаў у адказ з боку Масквы.

Бэльгія абавязала пакінуць краіну 21 расейскага дыплямата, абвінаваціўшы іх у шпіянажы і пагрозе нацыянальнай бясьпецы. Размова ідзе аб супрацоўніках расейскай амбасады ў Брусэлі і консульства ў Антвэрпэне.

Ірляндыя абвясьціла, што краіну павінны пакінуць «чацьвёра высокіх чыноўнікаў» амбасады Расеі ў Дубліне. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў дзейнасьці, якая «не адпавядае міжнародным стандартам дыпляматычнай працы». Звычайна пад гэтай фармулёўкай маюць на ўвазе шпіянаж.

Таксама ў аўторак пра высылку аднаго супрацоўніка расейскай дыпляматычнай місіі абвясьціла Чэхія. Работніка пасольства РФ у Празе абавязалі пакінуць краіну цягам трох сутак. «Сумесна з нашымі саюзьнікамі мы скарачаем прысутнасьць расейскай выведкі ў краінах ЭЗ», — гаворыцца ў твітэр-паведамленьні чэскага Міністэрства замежных спраў. У Чэхіі пасьля скандалу з дачыненьнем ГРУ да выбухаў вайсковых складоў заставалася ўсяго 7 расейцаў з дыпляматычным статусам.

Расея адкажа на высылку сваіх дыпляматаў, заявіла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага цэлы шэраг заходніх краін абвясьцілі пра высылку расейскіх дыпляматаў. У прыватнасьці, ЗША абавязалі зьехаць 12 расейцаў, западозраных у працы на выведку РФ. Масква ў адказ выслала 12 амэрыканскіх дыпляматаў.

Польшча на мінулым тыдні абвінаваціла ў шпіянажы і абавязала пакінуць краіну 45 расейскіх дыпляматаў. Іх высылка стала найбуйнейшай у гісторыі адносін дзьвюх краін і адной з найбуйнейшых у гісторыі СССР і Расеі. Масква ўсе абвінавачаньні адкінула, назваўшы іх беспадстаўнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG