Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хірурга Андрэя Любецкага абвінавачваюць па чатырох «палітычных» артыкулах


Андрэй Любецкі
Андрэй Любецкі

Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да 46-гадовага хірурга Андрэя Любецкага, прызнанага палітвязьнем. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Пра гэта са спасылкай на Сьледчы камітэт піша zerkalo. io.

Паводле сьледзтва, хірург разьмяшчаў у сацсетках інфармацыю, накіраваную на «распальваньне сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце прафэсійнай прыналежнасьці, якая тычыцца супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных служачых, прадстаўнікоў улады і грамадзкасьці».

Сьледчыя таксама сьцьвярджаюць, што «ён неаднаразова публічна выказваўся аб прынятым рашэньні парушыць дадзеную ім мэдычную клятву... і ўсяляк перашкаджаць аказаньню мэдычнай дапамогі супрацоўнікам міліцыі і членам іх сем’яў, заклікаў сваіх калегаў да падобных супрацьпраўных дзеяньняў».

Сьледзтва таксама лічыць, што Любецкі, «не саромеючыся ў выказваньнях, публічна абражаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і супрацоўнікаў праваахоўных органаў», а часам дазваляў «выказваньні з выкарыстаньнем ненарматыўнай лексыкі ў дачыненьні да іх».

У сьпісе абвінавачаньняў — і ўдзел у пратэставых акцыях у Менску.

«Разам зь іншымі асобамі ён доўга і ўпарта парушаў грамадзкі спакой і блякаваў шляхі транспартных камунікацый. Ва ўсіх выпадках з мэтай публічнага выказваньня незаконнымі спосабамі сваіх грамадзка-палітычных поглядаў і пратэсту, а таксама вядзеньня радыкальнай дзейнасьці абвінавачаны, дэманструючы пратэставую сымболіку, выкрыкваў розныя лёзунгі, блякаваў рух транспарту і ігнараваў законныя патрабаваньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў», — сьцьвярджаюць у СК.

Дзеяньні Андрэя Любецкага кваліфікаваныя па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • ч.1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, спалучаных зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту);
  • ч.1 арт. 130 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці);
  • ст. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў);
  • ч.1,2 ст. 368 (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь).

Андрэй Любецкі — лекар, 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай лякарні № 4 у Менску сківічным хірургам. Быў валянтэрам каля ізалятара на Акрэсьціна. Мае чатырох дзяцей. Жонка Андрэя Натальля Любецкая была змушаная разам зь дзецьмі зьехаць з краіны. Яна фігуравала ў «расьсьледаваньні» беларускага дзяржаўнага тэлеканалу: яе абвінавацілі ў перадачы падстаўных «сакрэтных дакумэнтаў» экс-алмазаўцу Ігару Макару.

Андрэй Любецкі быў затрыманы 4 траўня 2021 году. Раніцай у ягоную кватэру прыйшлі зь ператрусам, пасьля яго затрымалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG