Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і РФ адмаўляюць словы Эрдагана аб кампрамісе на перамовах


Перамовы ўкраінскай і расейскай дэлегацыяў у Беларусі
Перамовы ўкраінскай і расейскай дэлегацыяў у Беларусі

Прадстаўнікі Расеі і Ўкраіны адмаўляюць дасягненьне істотнага прагрэсу на перамовах аб міры. Пра дасягненьне шэрагу дамоўленасьцяў раней у пятніцу паведаміў прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган.

Турэччына робіць пасярэдніцкія намаганьні, у бліжэйшы час Эрдаган, як чакаецца, пагаворыць праз тэлефон з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.

Напярэдадні гэтых размоваў ён заявіў турэцкім мэдыя, што расейская і ўкраінская дэлегацыі, паводле яго інфармацыі, дасягнулі папярэдняга пагадненьня па чатырох з шасьці пытаньняў, якія яны, як сьцьвярджаецца, абмяркоўваюць.

Гаворка ідзе, па словах Эрдагана, пра адмову Ўкраіны ад сяброўства ў NATO, гарантыі бясьпекі для яе, абмежаваньні ўзбраеньняў украінскай арміі і статусу расейскай мовы. Прэзыдэнт Турэччыны падкрэсьліў, што патрабаваньні Расеі аб прызнаньні анэксіі Крыму і незалежнасьці так званых «ДНР» і «ЛНР» Украіна прыняць не гатовая.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба ў інтэрвію выданьню «Ўкраінская праўда» не пацьвердзіў наяўнасьць дамоўленасьцяў, пра якія казаў Эрдаган, і адзначыў, што перамовы нельга зьвесьці да апісаных вышэй шасьці пытаньняў. У прыватнасьці, Кулеба падкрэсьліў, што ўкраінская мова павінна застацца адзінай дзяржаўнай. Па словах міністра, Украіна настойвае перш за ўсё на спыненьні агню, гарантыях бясьпекі і тэрытарыяльнай цэласнасьці, а перамовы з Расеяй ідуць цяжка. Пры гэтым ён выказаў падзяку Турэччыне за дыпляматычныя намаганьні для спыненьня вайны.

Кіраўнік расейскай дэлегацыі Ўладзімір Мядзінскі, у сваю чаргу, заявіў, што Расеі недастаткова нэўтральнага статусу Украіны. Масква настойвае на «комплекснай дамове», якая ўлічвала б расейскія патрабаваньні, выказаныя напачатку ўварваньня, — аб так званай дэнацыфікацыі, дэмілітарызацыі, прызнаньні статусу Крыму і сэпаратысцкіх рэспублік Данбасу. Бяз гэтага, падкрэсьліў Мядзінскі, «заключэньне дамовы малаімавернае». Ён абвінаваціў Украіну ў зацягваньні перамоваў.

Заходнія агенцтвы зьвярнулі ў пятніцу ўвагу на заяву Мінабароны Расеі аб тым, што намаганьні расейскіх вайскоўцаў будуць у бліжэйшы час сканцэнтраваныя на тэрыторыі Данбасу з мэтай усталяваць кантроль «ДНР» і «ЛНР» над усёй тэрыторыяй Данецкай і Луганскай вобласьцяў. Аб падрыхтоўцы наступаў на іншых кірунках у заяве не гаворыцца, што, на думку Reuters, можа сьведчыць аб пераглядзе расейскіх мэтаў у вайне.

Шырокамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну пачалося 24 лютага. Перамовы аб магчымым мірным урэгуляваньні пачаліся празь некалькі дзён, першыя тры пасяджэньні дэлегацыяў адбываліся на тэрыторыі Беларусі, апошнім часам яны ідуць у онлайн-рэжыме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG