Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны Расеі назвала галоўнай задачай поўнае «вызваленьне» Данбасу


Сяргей Рудзкой, начальнік галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня генэральнага штабу ўзброеных сілаў Расеі
Сяргей Рудзкой, начальнік галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня генэральнага штабу ўзброеных сілаў Расеі

Расея разглядала два варыянты вядзеньня спэцапэрацыі: у межах «ДНР» і «ЛНР» ці на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, паведамляе РБК са спасылкай на генэральны штаб узброеных сілаў РФ. Другі варыянт абралі, каб ня даць Кіеву падсілкоўваць «сваю вайсковую групоўку», растлумачылі вайскоўцы.

Магчымасьць штурму заблякаваных ва Ўкраіне гарадоў ня выключаная, але галоўная мэта расейскіх вайскоўцаў — гэта «поўнае вызваленьне Данбасу», заявіў начальнік галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня генштабу ўзброеных сілаў Расеі Сяргей Рудзкой.

Паводле яго, Расея першапачаткова не плянавала штурму гэтых гарадоў, каб «не дапусьціць разбурэньняў і мінімізаваць страты сярод асабовага складу і мірнага насельніцтва».

«І хоць такую магчымасьць мы не выключаем, аднак па меры выкананьня асобнымі групоўкамі пастаўленых задачаў, а яны вырашаюцца пасьпяхова, нашыя сілы і сродкі будуць канцэнтравацца на галоўным — поўным вызваленьні Данбасу», — сказаў Рудзкой.

Ён дадаў, што Расея разглядала два варыянты вядзеньня спэцапэрацыі: у межах Данецкай і Луганскай «народных рэспублік», замацаваных у іх Канстытуцыях, ці на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны. Аднак у першым выпадку ўкраінскія ўлады ўвесь час падсілкоўвалі б сваю вайсковую групоўку, «задзейнічаную ў так званай апэрацыі аб’яднаных сілаў (групоўка ўкраінскіх войскаў на лініі судакрананьня з самаабвешчанымі рэспублікамі. — РС)» , — заявіў Рудзкой.

«Таму быў абраны другі варыянт, які прадугледжвае дзеяньні на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны з выкананьнем мерапрыемстваў па яе дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі», — сказаў ён.

Па словах Рудзкога, «хада апэрацыі» пацьвердзіла, што рашэньне было правільнае.

Як паведаміў начальнік галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня генштабу ўзброеных сілаў РФ, ад пачатку спэцапэрацыі расейскія вайскоўцы заблякавалі Кіеў, а таксама гарады Харкаў, Чарнігаў, Сумы і Мікалаеў. Пад поўным кантролем знаходзяцца Хэрсонская вобласьць і большая частка Запароскай вобласьці, дадаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG