У варшаўскім раёне Воля будзе ўсталяваны помнік героям беларускай рэвалюцыі, паведамляе Gazeta Wyborcza. Яго разьмесьцяць у парку Шыманскага — найбуйнейшым парку ў раёне Воля.
Над інсталяцыяй пад назвай «Праспэкт узыходзячага сонца» працуе вядомы польскі скульптар Павел Альтхамэр. Яна будзе складацца зь 7 адлітых з алюмінію фігур, якія прадстаўляюць дэмакратычных актывістаў, зьняволеных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Гаворка ідзе, сярод іншага, пра журналіста і польскага актывіста Анджэя Пачобута, кіраўніцу Саюза палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс, прадстаўніцу перадвыбарнага штабу Віктара Бабарыкі Марыю Калесьнікаву, беларускага блогера і кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага, які трапіў за краты за тры месяцы да выбараў.
Паводле скульптара, размаляваныя залатым колерам фігуры беларускіх герояў будуць ісьці з высока ўзьнятай галавой, як быццам іх толькі што вызвалілі зь няволі. «Яна павінна нагадаць пра зьняволеных актывістаў і адначасова паказаць, што ў іх у Польшчы ёсьць сябры, што мы пакутуем разам зь беларусамі», — кажа скульптар.
«Такім чынам мы хочам сымбалічна падтрымаць беларусаў на самым складаным этапе барацьбы за свабоду. Цяпер Беларусь аказалася ў тым месцы, у якім Польшча пасьля абвяшчэньня ваеннага становішча», — лічыць мэр Волі Кшыштаф Стшалкоўскі.
«Мне вельмі падабаецца гэтая ідэя», — кажа пра помнік прэзыдэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі.