На працягу чацьвярга, 24 сакавіка, як перадае агенцтва Аssociated Press, эўрапейская дыпляматычная сталіца прымае экстраны саміт NATO, сустрэчу Вялікай сямёркі прамыслова разьвітых краін і саміт Эўрапейскага Зьвязу. Байдэн возьме ўдзел ва ўсіх трох сустрэчах, а затым правядзе прэсавую канфэрэнцыю.
Саміт Паўночнаатлянтычнага альянсу пачаўся з выступу генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга, які заявіў, што альянс павінен узмацніць сваю абарону, каб супрацьстаяць уварваньню Расеі ва Ўкраіну і «адрэагаваць на новую рэальнасьць бясьпекі ў Эўропе».
Столтэнбэрг заклікаў засяродзіць увагу на ўзмацненьні ціску на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў сувязі з нападам на Ўкраіну.
«Мы сабраліся ў крытычны для нашай бясьпекі час», — сказаў Столенбэрг, зьвяртаючыся да лідэраў, якія сядзяць за вялікім круглым сталом. «Мы адзіныя ў асуджэньні несправакаванай агрэсіі Крамля і ў нашай падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».
Ён сказаў, што альянс «поўны рашучасьці працягваць ускладаць на Расею выдаткі, каб пакласьці канец гэтай жорсткай вайне».
Джо Байдэн прыбыў у Брусэль позна вечарам у сераду ў надзеі падштурхнуць саюзьнікаў да ўвядзеньня новых санкцый супраць Расеі, эканоміка якой пацярпела ад ужо наяўных санкцый, байкотаў і штрафаў.
Хоць Захад, піша Аssociated Press, у значнай ступені аб’яднаўся ў супрацьстаяньні Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну, шырока прызнана, што адзінства будзе выпрабаванае на фоне цаны ўплыву вайны і санкцыяў на сусьветную эканоміку.
«Нам трэба рабіць больш, і таму нам трэба больш інвэставаць. Узьнікла новае пачуцьцё неадкладнасьці, і я чакаю, што лідэры пагодзяцца паскорыць інвэстыцыі ў абарону», — сказаў Столтэнбэрг перад самітам.
Дарадца Байдэна ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван сказаў, што ЗША хочуць пачуць, «што рашучасьць і адзінства, якія мы назіралі ў мінулым месяцы, захаваюцца столькі, колькі спатрэбіцца».
Энэргетычны крызіс, узмоцнены вайной, стане асабліва гарачай тэмай на саміце Эўрапейскай рады, дзе лідэры Гішпаніі, Партугаліі, Італіі і Грэцыі спадзяюцца на тэрміновы, скаардынаваны адказ усяго блёку. Афіцыйныя асобы ЭЗ заявілі, што зьвернуцца па дапамогу да ЗША ў пляне папаўненьня сховішчаў прыроднага газу на наступную зіму, і яны таксама жадаюць, каб блёк сумесна закупляў газ.
Канцлер Нямечыны Оляф Шольц адхіліў заклікі байкатаваць пастаўкі расейскіх энэрганосьбітаў, заявіўшы, што гэта нанясе значную шкоду эканоміцы ягонай краіны. Шольц сутыкаецца зь ціскам з боку актывістаў-эколягаў, якія патрабуюць як мага хутчэй адвадзіць Нямеччыну ад расейскай энэргіі, але, паводле яго, гэты працэс павінен быць паступовым.
«Рабіць так з дня ў дзень азначала б апусьціць нашу краіну і ўсю Эўропу ў рэцэсію», — сказаў Шольц у сераду.
Польшча і іншыя краіны ўсходняга флянгу NATO таксама будуць шукаць яснасьці адносна таго, як Злучаныя Штаты і іншыя эўрапейскія краіны могуць дапамагчы адносна іх асьцярог з прычыны расейскай агрэсіі, а таксама нарастаньня крызісу з уцекачамі. За апошнія тыдні Ўкраіну пакінулі больш за 3,5 млн бежанцаў, у тым ліку больш за 2 млн пераехалі ў Польшчу.
Саліван сказаў, што Байдэн і яго калегі-лідэры будуць імкнуцца «распрацаваць доўгатэрміновы плян дзеяньняў» у дачыненьні да таго, якія сілы і магчымасьці спатрэбяцца краінам усходняга флянгу NATO.
У пятніцу заплянаваны візыт Байдэна ў Польшчу, дзе абодва пытаньні, як чакаецца, будуць у цэнтры перамоваў з прэзыдэнтам Анджэем Дудам.
Чатыры новыя баявыя групы NATO, якія звычайна налічваюць ад 1 000 да 1 500 вайскоўцаў, ствараюцца ў Вугоршчыне, Славаччыне, Румыніі і Баўгарыі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, як чакаецца, выступіць на саміце NATO па відэасувязі. Позна ўвечары ў сераду ён паведаміў, што хоча, каб альянс «заявіў, што ён цалкам дапаможа Ўкраіне выйграць гэтую вайну», паставіўшы любую неабходную зброю.
Яшчэ адзін важны момант можа наступіць незадоўга да вяртаньня Байдэна ў Вашынгтон у суботу. Белы дом заявіў, што ён плянуе «выступіць з заўвагамі аб аб’яднаных намаганьнях свабоднага сьвету ў справе падтрымкі народу Ўкраіны, прыцягненьні Расеі да адказнасьці за яе жорсткую вайну і абароны будучыні, заснаванай на дэмакратычных прынцыпах».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.