Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навальнаму прысудзілі 9 гадоў турмы і штраф


Аляксей Навальны падчас аднаго з паседжаньняў.
Аляксей Навальны падчас аднаго з паседжаньняў.

Лефортаўскі суд Масквы абвясьціў прысуд Аляксею Навальнаму ў справе аб махлярстве і абразе судзьдзі. Выязное пасяджэньне суду праходзіць у папраўчай калёніі гораду Пакрова Ўладзімірскай вобласьці, дзе палітык адбывае пакараньне ў так званай справе «Іў Рашэ».

Судзьдзя Маргарыта Котава, якую 18 сакавіка Пуцін павысіў, прызначыўшы судзьдзёй Маскоўскага гарадзкога суду, у першых жа словах заявіла, што Навальны ўчыніў махлярства.

У выніку Навальнага прыгаварылі да 9 гадоў калёніі строгага рэжыму і штрафу 1,2 млн рублёў па крымінальнай справе аб махлярстве і абразе суду.

Раней дзяржабвінавачваньне папрасіла суд прызначыць Аляксею Навальнаму 13 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму і штраф 1,2 мільёна рублёў. Абарона запатрабавала апраўдаць Навальнага.

Першы эпізод тычыцца абразы судзьдзі Веры Акімавай, пракурора Кацярыны Фраловай і сьведкі Ігара Калесьнікава, унука вэтэрана Ігара Арцёменкі, за паклёп на якога апазыцыянэра судзілі ў пачатку 2021 году.

У другім эпізодзе абвінавачаньне лічыць махлярствам збор ахвяраваньняў на рахункі заснаванага Навальным Фонду барацьбы з карупцыяй (цяпер ён прызнаны расейскімі ўладамі экстрэмісцкім і забаронены) і на асабістыя рахункі шэрагу паплечнікаў Навальнага (супраць іх таксама распачатыя крымінальныя справы, але яны знаходзяцца за мяжой). «Сродкі зьбіраліся на заведама нязьдзяйсьняльную мэту — вылучэньне Навальнага ў прэзыдэнты Расейскай Фэдэрацыі», — сфармуляваў у судзе пракурор сутнасьць абвінавачаньняў у махлярстве. Пры гэтым зь дзясяткаў тысяч людзей, якія ахвяравалі Навальнаму і ФБК, у якасьці пацярпелых у справе фігуруюць толькі чатыры — і ня ўсе яны падтрымалі абвінавачваньне падчас працэсу.

Навальны сваёй віны не прызнаў, ён лічыць справу палітычнай. У дні паседжаньняў у справах Навальнага судзьдзя Маргарыта Котава стэлефаноўвалася з супрацоўнікам Адміністрацыі прэзыдэнта Яўгенам Уладзіміравым, сьцьвярджае паплечнік палітыка Іван Жданаў, у распараджэньні якога аказалася дэталізацыя званкоў судзьдзі. Сам Навальны, выступаючы ў спрэчках, зачытаў даты і дакладны час гэтых званкоў і выказаў думку, што судом над ім кіруюць у адміністрацыі.

Адвакатаў Навальнага Вольгу Міхайлаву і Вадзіма Кобзева ля калёніі затрымала паліцыя, перадае карэспандэнт «Новой газеты»: іх пасадзілі ў аўтазак і павезьлі. Пазьней стала вядома, што іх усё ж адпусьцілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG