Палій стаў адным з некалькіх высокапастаўленых расейскіх вайскоўцаў, аб гібелі якіх паведамлялася падчас вайны з Украінай. Украінскі бок, у прыватнасьці, заяўляе, што з пачатку вайны былі забітыя ўжо пяцёра расейскіх генэралаў, Масква гэта не камэнтуе.
Палій нарадзіўся ў 1971 годзе ў Кіеве. У 1992 годзе скончыў Кіеўскае вышэйшае ваенна-марское палітычнае вучылішча. Быў намесьнікам камандзіра роты ў Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. Адмовіўся прымаць прысягу Ўкраіне і перайшоў служыць на Паўночны флёт Расеі.
У 2014 годзе быў прызначаны намесьнікам начальніка Чарнаморскага вышэйшага ваенна-марскога вучылішча імя Нахімава па ваенна-палітычнай рабоце. З 2019 года быў намесьнікам камандуючага Балтыйскім флётам па ваенна-палітычнай рабоце. У 2020 годзе пераведзены на тую ж пасаду на Чарнаморскі флёт. Прымаў удзел у вайне Расеі з Грузіяй у 2008 годзе, быў намесьнікам камандуючага расейскімі войскамі ў Сірыі.
На флёце загінулы афіцэр займаў адміральскую пасаду. Севастопальскае выданьне ForPost сьцьвярджае, што перад гібельлю на яго рыхтаваліся дакумэнты аб прысваеньні званьня контар-адмірала.
Украінскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што менш чым за месяц з пачатку ўварваньня расейскае войска страціла больш за 14 тысяч чалавек, не ўдакладняючы, колькі з іх загінуўшых, а колькі — параненых.
Газета The New York Times, цытуючы крыніцы ў выведцы ЗША, заяўляла, што расейскае войска страціла 7 тысяч чалавек забітымі. Гэта больш, чым у першую чачэнскую вайну і набліжаецца да стратаў у другой чачэнскай вайне. Афіцыйна гэтыя дадзеныя не камэнтаваліся.